У Літве кнігі Ванагайце пайшлі пад нож, Алексіевіч «ня спала ноч»

Сьвятлана Алексіевіч і Рута Ванагайце ў інтэлектуальным клюбе, Менск, 2 сакавіка 2017

Выдавецтва «Alma littera», у якім дагэтуль выходзілі кнігі літоўскай пісьменьніцы Руты Ванагайце, паведаміла, што ўсе яе кнігі зьнятыя з продажу і пушчаныя на макулятуру.

Літоўская спэцыялістка ў галіне грамадзкіх сувязяў і пісьменьніца Рута Ванагайце паведаміла ў сваім профілі ў Фэйсбуку, што выдавецтва «Alma littera», як яно і абяцала, зьняло з продажу ўсе яе кнігі і ўжо іх утылізавала.

Рашэньне выдавецтва было прынятае ў выніку скандалу, выкліканага нядаўнімі выказваньнямі Руты Ванагайце. Пісьменьніца ў размове зь літоўскім публічным тэлеканалам LRT заявіла, што знайшла ў архівах КГБ дакумэнты, якія сьведчаць, што герой літоўскага паваеннага супраціву Адалфас Раманаўскас-Ванагас супрацоўнічаў з савецкімі спэцслужбамі. Літоўскі Сойм зьбіраецца абвясьціць 2018 год Годам Раманаўскаса-Ванагаса.

Навіна пра зьнішчэньне кніг у дэмакратычнай эўрапейскай краіне выклікала пэўную занепакоенасьць у сацыяльных сетках, нават сярод тых, хто асудзіў выказваньні Руты Ванагайце.

Гэтую занепакоенасьць падзяліла і Сьвятлана Алексіевіч. Рута Ванагайце паведаміла ў сваім профілі ў Фэйсбуку:

«Я атрымала цудоўны ліст падтрымкі ад сваёй сяброўкі, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч. Яна прайшла празь мясарубку ў сваёй краіне. За „Цынкавых хлопчыкаў“. Яшчэ горшую мясарубку. Яна сказала, што ня спала ноч, калі даведалася, што мае кнігі зьнішчаюць. Дзякую, Сьвятлана, за тваю бяссоньніцу».

2 сакавіка сёлета Рута Ванагайце была госьцяй Інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч.