Затрыманьне адбылося позна ўвечары 27 кастрычніка на месцы працы актывіста.
Як паведаміў старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч, Дзьмітры Сільчанка ўвечары знаходзіўся на сваім працоўным месцы ў адной з прыватных арганізацый Менску, дзе ў яго было начное дзяжурства.
Каля 22 гадзіны яму патэлефанаваў участковы і сказаў, хлопца «выклікаць на размову». Сільчанка папрасіў, каб яму даслалі афіцыйную позву.
Праз гадзіну, прыкладна каля 23 гадзіны вечара, да Сільчанкі прыехалі на працу супрацоўнікі міліцыі і затрымалі яго.
Як паведаміла Свабодзе сяброўка Сільчанкі, ён па тэлефоне сказаў ёй, што яго адвезьлі ў РАУС Менскага раёну, дзе склалі пратакол па артыкуле 23.34 (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў» 21 кастрычніка.
Суд над Дзьмітрыем Сільчанкам адбудзецца ў панядзелак, 30 кастрычніка.