Абмяркоўваюць у Зоне Свабоды дырэктар беларускай Свабоды, дасьледчык гісторыі рэпрэсій Аляксандар Лукашук, пісьменьнік і гісторык Сяргей Абламейка, складальнік «Картатэкі Сталіна», пісьменьнік Сяргей Дубавец і вядучая Ганна Соўсь.
Прапануем фрагмэнт дыскусіі.
Ганна Соўсь: Аляксандар Лукашук, напачатку 1990-х вы былі сябрам камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі па правам ахвяраў палітычных рэпрэсій, працавалі ў архівах КДБ, дасьледавалі канкрэтныя гісторыі як ахвяраў, так і катаў. І ня толькі. У вашай кнізе «За кіпучай чэкісцкай работай» асобны разьдзел прысьвечаны таму, як палілі кнігі. Ці была бы Беларусь іншай краінай, каб тады не былі зьнішчаныя найлепшыя прадстаўнікі беларускай эліты? Як зьмяніла нас усіх тая «чорная ноч»?
Аляксандар Лукашук: Сяргей Дубавец быў рэдактарам гэтай кнігі. Яна выйшла 20 гадоў таму ў 1997 годзе. За некалькі месяцаў да расстрэльнай ночы выйшаў загад Галоўліта, загад 33, у якім прадпісвалася проста спальваць літаратуру. Там было больш за 420 пазыцый, і ў больш чым 50 стаяла толькі прозьвішча і пазнака «усе кнігі». Значыць усе кнігі гэтага аўтара, любыя, дзе б яны не знаходзіліся, трэба было канфіскаваць і спаліць. Я зачытаю сьпіс аўтараў, у каго было загадана спаліць усе кнігі.
Астроўскі, Аляхновіч, Баранавых, Багун, Багдановіч, Бабарэка, Баліцкі, Воўк-Левановіч, Вольны, Валабрынскі, Гарэцкі, Гарун, Глыбоцкі, Доўнар-Запольскі, Дубоўка, Дзяржынскі, Друшчыц, Даўгяла, Дарожны, Дудар, Дзякаў, Знаёмы, Звонак, Зарэцкі, Каваль, Куніцкі, Кляшторны, Лёсік, Луцкевіч, Ластоўскі, Ліхадзіеўскі, Маракоў, Мікуліч, Некрашэвіч, Півавараў, Пушча, Прышчэпаў, Пічэта, Ракіта, Смоліч, Сташэўскі, Скрыган, Таўбін, Хадыка, Цьвікевіч, Чарот.
Вялізарная колькасьць творчасьці, Боскага дару, які атрымаў чалавек на сваёй мове, на сваёй зямлі, аказалася, што гэты неверагодны скарб зьнік. Я кажу зараз пра людзей, якія былі зьнішчаныя, у тым ліку гэта і імёны тых людзей, якія былі зьнішчаныя ў ноч 29 кастрычніка. І прачытаю яшчэ адзін сьпіс, што трэба было зьнішчаць.
Беларуская навуковая тэрміналёгія, Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналёгіі, Слоўнік хімічнай тэрміналёгіі, Слоўнік тэрміналёгіі грамадазнаўства, Слоўнік матэматычнай тэрміналёгіі, Слоўнік граматычна-лінгвістычнай тэрміналёгіі, Слоўнік бугальтарскай тэрміналёгіі, Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва, Геаграфічныя, касмаграфічныя тэрміны і назвы нябесных цел, Геалёгія, мінэралёгія, крышталяграфія, Батаніка агульная і спэцыяльная, Тэрміналёгія лёгікі і псыхалёгіі.
Апроч усяго зьнішчаліся вельмі дакладна словы, мова, цэлыя накірункі разьвіцьця нацыянальнай, беларускай, дакладнай і гуманітарнай адукацыі.
Ганна Соўсь: Сяргей Абламейка, у гэтыя дні адбываецца шмат жалобных імпрэзаў — сустрэчы з народжанымі ў ГУЛАГу, песьні на вершы рэпрэсаваных паэтаў, чытаньне імёнаў ахвяраў, ланцуг памяці ля КДБ, ноч паэтаў у Курапатах. Свабода рэалізавала ўнікальны праект «Расстраляныя літаратары», цягам апошняга месяцу мы публікавалі ўнікальныя матэрыялы пра забітых пісьменьнікаў і паэтаў. Але ня толькі кастрычнікам 1937-га, ня толькі «чорнай ноччу» абмяжоўваюцца страты, якія панесла Беларусь. Сяргей, што можна цяпер зрабіць, каб аднавіць перарваную культурную, інтэлектуальную традыцыю, тое, што было спынена, зьнішчана ў тыя часы?
Сяргей Абламейка: Патрэбныя некалькі рэчаў. Па-першае, асэнсаваць сапраўдны маштаб рэпрэсій і нашых стратаў. Гэта трэба для катарсісу, для ачышчэньня, асабліва тых галоваў, якія ўсё яшчэ затлумленыя савецкай, камуністычнай прапагандай. Вы вельмі слушна сказалі, што ня толькі кастрычнікам 1937 году, і ня толькі 37-м годам абмяжоўваюцца рэпрэсіі супраць беларускага народу і яго інтэлігенцыі.
Рэпрэсіі, па сутнасьці, амаль не спыняліся з моманту абвяшчэньня «чырвонага тэрору» у верасьні 1918 году. Скажам, хто сёньня ведае пра рэпрэсіі супраць беларускіх эсэраў у 1922-23 гадах, калі было арыштавана і выслана больш за 800 чалавек? Або хто ведае пра 500 сялянскіх паўстаньняў за зямлю, якія адбыліся ў БССР да 1925 году і былі жорстка падаўленыя? А арышт і высылка 106 найвыдатнейшых прадстаўнікоў беларускай культурнай і навуковай эліты ў 1930 годзе?
Хто ведае пра 500 сялянскіх паўстаньняў за зямлю, якія адбыліся ў БССР да 1925 году і былі жорстка падаўленыя?
А што трэба зрабіць, каб вярнуць? Страчанае, вядома, ня вернеш. Ня вернеш пачуцьцяў, эстэтыкі, рэфлексіі, ведаў і талентаў забітых мастакоў, паэтаў, пісьменьнікаў і навукоўцаў. Але можна стварыць умовы для нараджэньня і разьвіцьця новых талентаў. І тут, на жаль, без дапамогі дзяржавы не абыдзесься. Нідзе ў сьвеце нацыянальныя навука, культура і мастацтва ня могуць нармальна разьвівацца без дапамогі дзяржавы, і тым больш ня могуць нармальна разьвівацца там, дзе дзяржава перашкаджае — зьнішчае часопісы, газэты, выдавецтвы, акадэмічныя інстытуты, зразае фінансаваньне.
А мы ўсе, хто адчувае і ўсьведамляе патрэбу разьвіцьця культуры павінны нястомна працаваць, памятаючы, што гэта наша асабістая адказнасьць перад нябёсамі і перад сваім народам.
Ганна Соўсь: Урочышча Курапаты пад Менскам — містычнае месца. Я была там з паўтысячы разоў, Курапаты ў пэўнай ступені вызначылі і мой лёс. Я часта чула, калі старыя жанчыны, вельмі стомленыя ці расстроеныя, прыходзілі ў Курапаты і казалі: «Стала лягчэй дыхаць, я супакоілася». Уявіце, лягчэй дыхаць на месцы расстрэлаў... У Курапатах адбываюцца рытуальныя, сымбалічныя рэчы і зьявы — 8-месячная вахта памяці 16 гадоў таму, сёлета адчайная абарона Курапатаў, цяпер гэтая ноч паэтаў у лесе, у цемры сярод крыжоў і зьнічоў. Якую энэргію, які сакральны зьмест нясуць гэтыя магілы? І ці для ўсіх нясуць?
Сяргей Дубавец: Я думаю, што павінна ўзьдзейнічаць. Што такое містычнае ўзьдзеяньне? Гэта калі нешта неабдымнае не зьмяшчаецца ў нечым малым, як Бог у царкве. Так Курапаты — гэта велічэзная пакута, яна не зьмяшчаецца ў гэтым ляску. І тут і ўзьнікае гэтая невыноснасьць у чалавеку, невыносная лёгкасьць быцьця, як казаў Кундэра. Але як да гэтага ставіцца і як гэтую містыку захоўваць?
Курапаты — гэта велічэзная пакута, яна не зьмяшчаецца ў гэтым ляску.
Калісьці я напісаў эсэ, дзе дасьледаваў скразны матыў творчасьці Янкі Купалы. І скразны вобраз — гэта курган. Дзясяткі вершаў і паэмаў прысьвечаныя тэме кургана, то бок магілы. Ёсьць паэма «Сон на кургане», дзе герой засынае на магіле фактычна, і ён у сьне бачыць усё,што адбываецца ў гэтай магіле. А там князі, старажытныя рытуалы, скарбы заклятыя і не заклятыя. Там усё на сьвеце, у тым ліку і гэтыя зьнішчаныя паэты. Там кнігі, пра якія казаў Аляксандар Лукашук.
Мы ўсе сьпім на кургане, і адтуль ідзе гэтая праўдзівая беларушчына, якая была пад корань вынішчаная ў сталінскія часы. Я думаю, што ў гэтым ёсьць містычнасьць і звычайная чалавечая, калі ты ідзеш каля месца неверагоднай трагедыі, а вакол цябе прыгажэнны беларускі лес. І на гэтым кантрасьце і ўзьнікае сьвятло ў душы чалавека, ён разумее, як можа быць страшна і як здорава, што зараз ня так страшна.