У Каталёніі ня думаецца пра Сэрвантэса... Тут горы і вадзяныя млыны замест ветракоў...
Уздоўж мора ў курортных мястэчках Каталёніі — прамэнады з прысадамі: пальмы ды плятаны. Сеў на лаўку адной з прамэнадаў пад плятанам. За сьпінаю, падаючы, шаргаціць лісьце. Думаю, чэрвень, а лісьце падае. Павярнуўся — з буйных галінаў у кароне плятана адвальваецца кара...
Хрушчы ў Каталёніі мажнейшыя за беларускіх.
Як і ў брудным паветры над Менскам, у небе пры беразе Міжземнага мора ў Каталёніі амаль не відаць зораў. І гэта пры тым, што аблокаў няма ні ўдзень, ні ўначы.
Як і бальшыня беларусаў, бальшыня каталёнцаў — людзі невысокія. Яны мажныя, дзябёлыя, твары ў іх буйныя і шырокія. Іхныя галовы стасоўна цела такія самыя вялікія, як і ў беларусаў. У бальшыні эўрапейцаў галовы меншыя.
Каталёнцы ядуць падобныя зь беларусамі стравы. Як і ў нас, сьвініну ня вэндзяць, але вяляць. Ідзеш па вуліцы, а ў вокнах крамаў — бясконцыя кумпякі ды паляндвіцы. І смак той самы, і асабліва характэрны падцьвілы пах, нібы у сялянскай каморы недзе пад Міром. Натуральна, што і каўбасы ня вэнджаныя, а вяленыя, зацьвілыя. Славутая paella з марскіх прадуктаў і рысу — больш для турыстаў, а самі каталёнцы вельмі любяць сьвініну, трусоў, курэй, што добра відаць па іхных фігурах.
Каталёнцы з твару — менш смуглявыя за гішпанцаў, маюць сьвятлейшыя валасы і вельмі ня любяць баі быкоў — карыду. Гэта — звычай кастыльцаў. Але арэны маюць — для гасьцей і мясцовых гішпанцаў.
Як і беларускія сяляне па-расейску, каталёнскія вяскоўцы ня надта ўмеюць гаварыць па-гішпанску. Сярэдняе пакаленьне іх, калі трэба гаварыць па-гішпанску, гаворыць на трасянцы, а старэйшыя — гішпанскай ня ведаюць наагул
Замест карыды каталёнцы любяць танчыць сардану — свой нацыянальны танец. Бяруцца за рукі ды ў такт музыцы робяць крокі ўзад і ўперад. Калі хто ведае, ёсьць і ў нас такі танец...
Як і беларускія сяляне па-расейску, каталёнскія вяскоўцы ня надта ўмеюць гаварыць па-гішпанску. Сярэдняе пакаленьне іх, калі трэба гаварыць па-гішпанску, гаворыць на трасянцы, а старэйшыя — гішпанскай ня ведаюць наагул.
Каталянская мова ня мае нічога агульнага з гішпанскай, яна сваячка правансальскай гаворкі — паўднёва-францускага дыялекту. Усё проста. Як на Заходнім Палесьсі. Ці амаль так.
У турыстычных даведніках можна прачытаць, што ў гішпанскай і каталянскай — 60 адсоткаў агульнай лексыкі. Гэта гішпанская інтрыга. У ангельскай і францускай — 70 адсоткаў агульнай лексыкі, а мовы розныя.
Праз 40 гадоў дыктатуры Франка, калі каталянская мова і культура былі пад забаронай, толькі Каталіцкая царква карысталася каталянскай мовай як афіцыйнай. Ніхто не зьвяртае ўвагі на гэтую асаблівасьць каталіцтва... Добра каталёнцам — яны адной веры.
Дарожныя паказальнікі на аўтатрасах — дзьвюхмоўныя: спачатку па-каталянску (sortida — выхад, зьезд), а пасьля па-гішпанску (salida); а вось у Барсэлёне часта — толькі па-каталянску. Надпісы на вакзалах — дзьвюхмоўныя: па-каталянску і па-гішпанску. Назвы ўстановаў у Барсэлёне — па-каталянску. У мэтро і цягніках прыпынкі абвяшчаюць на дзьвюх мовах. Едзеш у мэтро — дзьве мовы, як у Беларусі. «Дробнае непадабенства»: Каталёнія — правінцыя «аўтаномная нацыя» Гішпанскага каралеўства, а Беларусь...
У каталёнскіх прыгарадных электрычках, якія тут называюць фунікулёрамі, праз увесь час іхнага руху з дынамікаў гучыць клясычная музыка. За гадзіну, якую я праехаў на фунікулёры, я пачуў творы Эльгара, Чайкоўскага і Бэтховэна.
Як і беларусы, каталёнцы шукаюць сваю даўніну ў кельтаў і выводзяць сябе ад іх.
Як і беларускія, старыя каталёнскія гарады ды мястэчкі забрукаваныя не часаным каменьнем, але звычайным.
У Каталёніі — архітэктурная раскоша. Ёсьць цэлыя гарады, аблічча якіх не мянялася з ХІІ стагодзьдзя — суцэльная раманіка. І сусьветнае багацьце. Катэдральны сабор Сьвятой Дзевы Марыі ў Жыроне, напрыклад, мае самы шырокі ў сьвеце гатычны нэф.
Сан Жуан (Sant Joan) — каталёнскае Купальле. У ноч з 23 на 24 чэрвеня па ўсёй Каталёніі паляць купальскія вогнішчы, скачуць празь іх і танчаць нацыянальныя танцы. Некалі падбітым расейцамі беларусам цікава даведацца, што кастыльцы (гішпанцы) Купальля не сьвяткуюць...
У архітэктуры старых будынкаў Барсэлёны — няўлоўны ўплыў мусульманства, нягледзячы на тое, што Каталёнія пазьбегла 500-гадовага арабскага панаваньня, якое зазнала ўласна Гішпанія.
Дзівосны сплаў готыкі й усходу. Як у нас, у касьцёле Сьвятой Ганны ў Вільні...
Цікава, ці думаў каталёнскі архітэктар Антоні Гаўдзі, ствараючы ў Барсэлёне свой знакаміты на ўвесь сьвет комплекс-храм Сьвятая Сямʼя (Sagrada Familia) у стылі нэаготыкі, пра арабаў, мусульманства ды іхныя ўплывы? Ня ведаю. Але ведаю, што, блукаючы па комплексе, які яшчэ і цяпер будуецца, я пераканаўся, што «аплаўленая готыка Гаўдзі» перамяжаецца ў ім з абсалютна арабскімі матывамі. Як і ў славутым парку Гуэль, які таксама стварыў Гаўдзі.
Сан Жуан (Sant Joan) — каталёнскае Купальле. У ноч з 23 на 24 чэрвеня па ўсёй Каталёніі паляць купальскія вогнішчы, скачуць празь іх і танчаць нацыянальныя танцы. Лічыцца, што той, хто пераскочыць цераз купальскае вогнішча, будзе ўвесь наступны год мець добрае здароўе. У купальскую ноч я праехаў на машыне 50 кілямэтраў уздоўж узьбярэжжа і ўбачыў многія дзясяткі такіх вогнішчаў. Некаторыя зь іх дасягалі 6–8 мэтраў у дыямэтры і нават больш. Ноч была сьвятлейшаю... Некалі падбітым расейцамі беларусам цікава даведацца, што кастыльцы (гішпанцы) Купальля не сьвяткуюць...
Купальлем падабенства беларускай сытуацыі з каталёнскаю не вычэрпваецца. Ёсьць і яшчэ. У 1137 годзе незалежнае графства Каталёнія абʼядналася з Арагонскім каралеўствам, у выніку чаго ўзьнікла моцная каталёнска-арагонская дзяржава, дзе каталёнцы дамінавалі. Гэтая дзяржава ў 1469 годзе праз дынастычны шлюб Фэрдынанда Арагонскага з Ізабэляй Кастыльскай трапляе ў склад Гішпаніі... Пра Ягайлу, Ядвігу ды Крэва згадваць залішне...
Непадабенства. Падбітых каталёнцаў увесь час нібыта падтрымлівалі на паўночным усходзе (!) французы, але, адрозна ад беларусаў, яны ў склад Францыі ня трапілі... Цікава, ці іхны лёс у Гішпаніі ня можа быць мадэльлю магчымага лёсу Беларусі ў Рэчы Паспалітай? Напэўна, не. Хаця гэтыя лёсы блізкія ў сваёй нядолі. У XVIII стагодзьдзі каталёнцы занялі ня той бок (бок Габсбургаў) у вайне за гішпанскую спадчыну, за што Філіп V пакараў іх пазбаўленьнем аўтаноміі й забаронаю каталёнскае мовы.
Часавае падабенства з БНР у ХХ стагодзьдзі. У 1914 годзе каталёнцы абвясьцілі свой урад, які быў разгромлены гішпанскай дыктатурай Рывэры ў 1923 годзе.
Прыхільнікі незалежнасьці ёсьць сёньня ў парлямэнце правінцыі. Здаецца, праз 20–30 гадоў у Гішпаніі будуць праблемы, нягледзячы на тое, што сёлета Біл Клінтан прыводзіў каталёнцаў і брэтонцаў у якасьці прыкладу разумных мяншыняў у Эўропе
Непадабенства з намі. 40 адсоткаў шасьцімільённага насельніцтва Каталёніі — гішпанцы, і гэтыя гішпанцы сёньня актыўна вывучаюць каталянскую мову і аддаюць сваіх дзяцей у каталянскія школы, каб тыя маглі паступіць у ВНУ і мець будучыню ў Каталёніі. А ў Беларусі ведама што. Пры гэтым Каталёнія — адна з 17-ці аўтаномных супольнасьцяў Гішпаніі, а Беларусь...
Прыхільнікі незалежнасьці ёсьць сёньня ў парлямэнце правінцыі. Здаецца, праз 20–30 гадоў у Гішпаніі будуць праблемы, нягледзячы на тое, што сёлета Біл Клінтан прыводзіў каталёнцаў і брэтонцаў у якасьці прыкладу разумных мяншыняў у Эўропе. Каталёнцы, зразумеў я, яшчэ і дальнабачныя.
У пляжным жвіры — палоўка сланечнай семкі. Згледзеў і падумаў: во, нашы людзі куды дабраліся. Аж пасьля ўбачыў, як каталёнская моладзь, седзячы на лаўках уздоўж прыморскай прамэнады, заўзята лускае семкі. Пайшоў у краму, а там іх поўна: сушаныя, проста смажаныя, смажаныя салёныя, моцна салёныя, у розных пакунках і г. д. У краінах Цэнтральнай Эўропы семкі прадаюцца лушчаныя, у Каталёніі — як у нас.
Добра, што ў школе вучыў гішпанскую. Прынамсі адрозьніваю, калі на якой мове гавораць. Спытаў па-ангельску (па-гішпанску не выпадала) аднаго ўладальніка крамы, на якой мове ён размаўляе дома.
Па-каталянску, вядома, — адказаў той. — Гішпанская — гэта Франка!
І грэбліва патрос пальцамі...
У велізарным паводле памераў барсэлёнскім музэі Пікаса, які ня быў каталёнцам, усе надпісы па-каталянску. Кажуць, гішпанцы крыўдуюць...
У каталёнскіх гатэлях (чатыры зоркі!) перад сьняданкам пэўная катэгорыя турыстаў бяжыць да басэйнаў і сьцеле ручнікі на тапчагі ў найлепшых, сонечных месцах, каб былі ўжо занятыя. «Пэўная катэгорыя» — рускамоўныя. Яны (і яшчэ палякі) не ідуць да мора, а толькі днямі пралежваюць каля басэйнаў. Пытаньне — ці варта было ехаць у Гішпанію? — рытарычнае. Рэч, відаць, у прыгожых фільмах, дзе прыгожая публіка плавае ў прыгожых басэйнах і пʼе джусы з прыгожых келіхаў...
Віно ня таннае. Можна знайсьці добрае. Асабліва смакуе белае купажнае. Напрыклад, купаж звыклага Shardonnay з дагэтуль невядомым мне вінаградным гатункам Parellada. У прыватнай крамцы сярэднявечнага гораду Бэсалю я знайшоў эксклюзіўную бутэльку мясцовага чырвонага — на сьвятло было відаць, як фарбуецца ягонаю сіньню зялёнае шкло пляшкі, і... не купіў. Не хацелася насіць цэлы дзень з сабой, думаў, будзе нешта такое і каля мора... Пасьля на ўзьбярэжжы купіў і не адну чырвонага, і даражэйшыя, але такога не знайшоў і дагэтуль перакананы, што ў тога і «нос», і «язык» былі найлепшыя. Калі выбіраеце віно і выбралі, купляйце адразу.
Каталёнскае піва «Estrella Damm» аказалася лепшым за мой улюбёны чэскі «Staropramen».
На канцэрце танцавальнага гурту андалюскіх цыганоў я, здаецца, зразумеў найважнейшую асаблівасьць гішпанскага танцу — яго бясконцасьць. Дзясяткі кульмінацыяў і дзясяткі фіналаў пры бесьперапынным нарошчваньні тэмпу
У барах прыморскіх мястэчак Каталёніі прастытуткі прыгажэйшыя, чым, напрыклад, у Празе. Зрэшты, яны могуць быць пражанкамі, якія выехалі на лета да мора на заробкі — чэшкі ў Чэхіі амаль не працуюць. Непадабенства. У Беларусь путаны на заробкі ня едуць.
Люблю слухаць гітару флямэнка. Віртуозы сусьветнага ўзроўню ня ведаюць звычайна ніводнай ноты...
На канцэрце танцавальнага гурту андалюскіх цыганоў я, здаецца, зразумеў найважнейшую асаблівасьць гішпанскага танцу — яго бясконцасьць. Дзясяткі кульмінацыяў і дзясяткі фіналаў пры бесьперапынным нарошчваньні тэмпу. Ну і плюс — пырскі імпэту з чарнявых вачэй танцорак.
Колькі б нам гадоў ні было, мы ўсё роўна робім памылкі. Мая каталёнская памылка — выезд у мора на скутэры падчас шторму. Жывы я застаўся, але жонка, наблізіўшы выяву камэрай, зьняла на відэа мой спалатнелы твар...
Перамога матэрыяльнага над духовым. Мы спазьніліся на аўтобус з экскурсіяй у музэй Пікаса, бо елі ў рэстарацыі засмажаных на вуглях лянгустаў.
Дарога дадому. Перасякаем гішпанска-францускую мяжу, якая дзеліць тут каталёнцаў з каталёнцамі — яны жывуць і ў прылеглых раёнах Францыі. Па дарозе на Ліён перад паваротам на Тулюзу апошні раз кідаем вокам на прыбярэжныя марскія затокі, якія цягнуцца тут на дзясяткі кілямэтраў. Паміж імі далёка ў моры ляжаць заселеныя косы, якія прыгожа мільгацяць агнямі сярод вечаровага марскога сутоньня. Кіруемся на поўнач, у Чэхію, да народу, які ўсьлед за некалькімі спартовымі камэнтатарамі пасьля несправядліва прызначанага 11‑мэтровага ўдару ў браму чэскай зборнай на футбольным чэмпіянаце Эўропы абвясьціў сябе «эўраскептыкам» і пачаў сурʼёзна пісаць дзясяткамі лісты ў газэты з заклікамі не ўступаць у Эўрапейскі Зьвяз. Маўляў, нашто нам тая Эўропа, калі эўрапейскія судзьдзі аддаюць перавагу галяндцам... У мяне гэта выклікала замілаваньне.
Едучы праз Францыю і кантактуючы з французамі толькі ў гатэлях, рэстарацыях і крамах, у прынцыпе, не пагаджаесься з Артурам Шапэнгаўэрам, які ў мінулым стагодзьдзі напісаў: «У некаторых частках сьвету водзяцца малпы, у Эўропе — французы. Адно другога вартае». Я б напісаў інакш — у кожнага ў Эўропе свае малпы...
Адно можна сказаць з пэўнасьцю: клімат і паветра ў Францыі — найлепшыя ў сьвеце.
Каталёнія, 2000 год.