За аддзяленьне рэгіёну ад Гішпаніі прагаласавалі 70 дэпутатаў у 135-мандатным парлямэнце, 10 былі супраць. Дэпутаты трох партый, якія выступаюць супраць аддзяленьня, пакінулі пасяджэньне парлямэнту перад галасаваньнем.
Галасаваньне ў парлямэнце Каталёніі адбылося на наступны дзень пасьля таго, як кіраўнік рэгіёну Карлэс Пудждэмон адмовіўся ад правядзеньня датэрміновых выбараў - гэта было патрабаваньне Мадрыду.
Лідэры Каталёніі лічаць, што рэфэрэндум 1 кастрычніка прадставіў рэгіёну мандат на незалежнасьць. Паводле дадзеных рэгіянальных уладаў, больш за 90 адсоткаў удзельнікаў галасаваньня падтрымалі ідэю аддзяленьня ад Гішпаніі. Аднак Карлэс Пудждэмон вырашыў адкласьці абвяшчэньне незалежнасьці і заклікаў Мадрыд да дыялёгу. Цэнтральная ўлада абвясьціла рэфэрэндум незаконным і адмовілася ад далейшых перамоваў. Тым ня менш, Пудждэмона запрасілі выступіць у Сэнаце.
Рэфэрэндум аб незалежнасьці крытыкуюць за тое, што яго праводзілі без выкананьня неабходных нормаў, а ў самой Каталёніі праходзіла толькі агітацыя за незалежнасьць і зусім не было кампаніі ў падтрымку адзінства Гішпаніі. Аднак пасьля рэфэрэндуму ў рэгіёне прайшлі шматтысячныя мітынгі як прыхільнікаў, так і праціўнікаў незалежнасьці.
У адказ на дэклярацыю аб незалежнасьці Мадрыд рыхтуецца ўвесьці ў рэгіёне наўпроставае кіраваньне. Чакаецца, што Сэнат краіны 27 кастрычніка ўхваліць адпаведную рэзалюцыю, якая ўступіць у сілу на наступны дзень.