Ва Ўкраіне затрымалі 29-гадовага грамадзяніна Расеі і яго знаёмую, грамадзянку Беларусі, якія перавозілі ў сваім аўтамабілі 2,6 кіляграмаў гераіну.
Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Кіеўскай вобласьці, затрыманым пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі згодна з артыкулам 307 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны.
Наркатычныя рэчывы накіраваныя на экспэртызу, а сьледчыя высьвятляюць адкуль і куды перапраўляўся гэты груз, а таксама функцыі, якія выконвалі кожны з затрыманых.
«Цяпер затрыманыя знаходзяцца ва ўпраўленьні паліцыі Ірпеня, а пазьней суд мае абраць для іх форму стрыманьня. Мы будзем настойваць на іхным арышце», — сказаў сьпікер паліцыі Кіеўскай вобласьці Мікола Жуковіч. У той жа час ён адмовіўся ўдакладніць прозьвішча беларускай грамадзянкі.