Новы варыянт альфабэту складаецца з 32 літар. У кірылічным альфабэце, які выкарыстоўваецца цяпер, 42 літары. Па-ранейшаму плянуецца, што Казахстан завершыць пераход на лацінку да 2025 году.
Раней у Казахстане прапаноўваўся варыянт лацінкі, у якім ужывалая толькі «базавая лацініца» без надрадковых ці падрадковых знакаў, а для пазначэньня гукаў, якім бракавала літараў «базавай лацініцы», ужываліся дыграфы (спалучэньні дзьвюх літараў, што значаць адзін гук, як ДЖ у беларускай мове).
Цяпер жа замест дыграфаў ужываюцца «літары з апострафам»: для Ч прапаноўвалі дыграф CH, прынялі C’, для Ш прапаноўвалі SH, прынялі S’. Таксама для Ж замест ZH прынялі J, а гук Й, што раней пазначаўся літарай J, цяпер пазначаецца як I — так жа, як гук І. Да таго прапаноўваўся шэраг іншых варыянтаў лацінскага альфабэту казаскай мовы, у тым ліку з дадатковымі літарамі кшталту Ƣ, Ꞑ і Ɵ, а дзяржаўны стандарт Казахстану да апошняга часу прапаноўваў тры варыянты трансьлітэрацыі.
Прыняты Назарбаевым варыянт спадабаўся ня ўсім: напрыклад, карыстальніца Ксенія Ігараўна Прыдатчанка дзівіцца, што цяпер яна будзе Kseni’i’a I’gorevna Pri’datc’enko, а паводле ранейшай прапановы была бы Ksenija Igorevna Pridatchenko. У камэнтарах ёй адказваюць: «Новая гульня: у каго больш апострафаў у імі, той і перамог».
***
Пра неабходнасьць стварэньня новага стандарту казахскага алфавіту Назарбаеў заявіў у красавіку. Упершыню аб магчымасьці пераходу з кірыліцы на лацінку загаварылі ў 2012 годзе.
Упершыню лацінская графіка для казаскай мовы (замест арабска-пэрсідзкай, якая ўжывалася да таго часу) была ўведзеная ў 1928 годзе ў рамках працэсу «лацінізацыі», які закрануў усе цюркскія мовы народаў СССР, і ўжывалася да 1940 году. Усяго паміж 1923 і 1939 гадамі на лацінку было пераведзена 50 моваў (з 72 моваў СССР, якія мелі пісьменнасьць). У 1939 годзе пачалася татальная кірылізацыя пісьменнасьцяў народаў СССР. Як адзначаў Сталін, расейскі народ быў лідэрам сацыялістычных народаў, таму ўсе людзі краіны павінны ведаць расейскую мову і імкнуцца да ўмацаваньня сувязяў з расейцамі.