Паранены ў кіеўскім тэракце дэпутат Масійчук: «Сьлед — маскоўскі, выкананьне — украінскае»

Ігар Масійчук. Архіўнае фота 2015 году

Паранены ад выбуху ў цэнтры Кіева ўкраінскі дэпутат абяцае ўласнае расьсьледаваньне. Сьледзтва ня ўпэўненае, што менавіта ён быў мэтаю злачынцаў.

Народны дэпутат Украіны Ігар Масійчук, цяжка паранены напярэдадні ўвечары ў выніку выбуху ў Кіеве, абяцае правесьці ўласнае расьсьледаваньне наконт заказчыкаў і выкананьня замаху на ягонае жыцьцё.

«У інтарэсах сьледзтва я не хачу распавядаць усё, але я на сто адсоткаў перакананы, што сьлед — маскоўскі, а выкананьне — тутэйшае, украінскае. Дам адпаведныя тлумачэньні праваахоўным органам», — сказаў Ігар Масійчук у эфіры тэлеканалу «112. Украіна».

Ігар Масійчук у рэанімацыі

Дэпутат паведаміў, што сёньня ён пачуваецца лепш.

«Я праапэраваны, апэрацыя ішла 4 гадзіны. Мноства аскепкаў выцягнулі, і яшчэ частка зь іх засталіся», — дадаў ён.

«Я буду дапамагаць сям’і загінулага ахоўніка і намагацца пакараць вінаватых. Яны паранілі ня проста народнага дэпутата Масійчука, а зьвера. Цяпер я не спынюся ні перад чым і асабіста буду весьці сьледзтва і выносіць прысуд у гэтай справе», — заявіў Ігар Масійчук.

У той жа час сьледзтва пакуль ня ўпэўненае, што менавіта дэпутат быў аб’ектам злачынства.

«Хто быў аб’ектам замаху на забойства — дэпутат Масійчук, палітоляг Бала ці іншая асоба — пакуль не ўстаноўлена. Сьледзтва высьвятляе гэта», — сказаў сёньня на брыфінгу ў Кіеве першы намесьнік пракурора Кіева Паўло Кананенка.

Паводле яго, узмоцненая сьледча-апэратыўная група працуе па ўсіх напрамках, у тым ліку высьвятляе сьведак, якія маглі бачыць злачынцаў, а таксама вымае відэазапісы з камэраў назіраньня, што працавалі паблізу месца здарэньня.

«Выбуховая прылада была самаробная і, хутчэй за ўсё, прывязаная да аўтамабільнай сыгналізацыі. Пра гэта сьведчаць платы, вынятыя зь месца выбуху», — удакладніў прадстаўнік пракуратуры Кіева.

Нацыяналіст, добраахвотнік, карупцыянэр. Што вядома пра ўкраінскага дэпутата, параненага ў выніку выбуху ў Кіеве

У сваю чаргу, лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко абурыўся адсутнасьцю рэакцыі кіраўніка Ўкраіны Пятра Парашэнкі на тэракт, у выніку якога трое чалавек параненыя і двое загінулі. Паводле яго, абодва загінулыя — супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі.

«Калі ахвярамі тэракту робяцца мірныя грамадзяне, дзяржаўны дзяяч, народны дэпутат, прэзыдэнт Украіны ня можа маўчаць. Ён павінен выказаць сваю пазыцыю. І я патрабую ад прэзыдэнта такога кроку. Зараз пашыраюць вэрсіі, што мэтаю замаху быў не Масійчук, а нехта іншы. Усе гэтыя вэрсіі пашыраюць тыя, хто хоча прыхаваць заказчыкаў і выканаўцаў гэтага злачынства. Для мяне відавочна, што гэта быў замах на Масійчука і ня толькі. Гэта быў замах на ўсю нашу каманду за нашу палітычную пазыцыю», — заявіў Алег Ляшко.

Празь некаторы час украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка выказаў глыбокае спачуваньне сем’ям загінулых.

«Шчыра зычу выздараўленьня параненым. Рашуча патрабую ад праваахоўнікаў як мага хутчэй раскрыць гэтае крывавае і жорсткае злачынства», — напісаў Пятро Парашэнка на сваёй старонцы ў Facebook.

Лідэр Радыкальнай партыі таксама паведаміў, што Ігар Масійчук цяпер ахоўваецца і ў інтарэсах сьледзтва будзе пераведзены ў іншую клініку.

Стан яшчэ аднаго параненага — палітоляга Віталя Балы — цяжкі. Але ён забараніў мэдыкам паведамляць падрабязнасьці пра ягоныя раненьні.

Выбух адбыўся ўвечары 25 кастрычніка каля будынка тэлеканалу «Еспресо» ў той момант, калі Віталь Бала ды Ігар Масійчук зь целаахоўнікамі выходзілі на вуліцу пасьля ўдзелу ў эфіры. Ад выбуху прыпаркаванага побач матацыкла пацярпелі 5 чалавек. Двое зь іх ад раненьняў, несумяшчальных з жыцьцём, памерлі.