Лідэр Каталёніі Карлэс Пудждэмон адмовіўся ад запрашэньня выступіць 26 кастрычніка ў Сэнаце Гішпаніі з тлумачэньнем сытуацыі адносна незалежнасьці рэгіёну.
Як паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка каталёнскага ўраду, рашэньне Пудждэмона выклікана тым, што ўрад Гішпаніі ўжо абвясьціў аб намеры ўвесьці ў Каталёніі прамое кіраваньне, каб не дапусьціць яе незалежнасьці.
Раней у сераду міністар эканомікі Гішпаніі Люіс дэ Гіндас заявіў, што ў выпадку аддзяленьня Каталёнія апынецца па-за Эўразвязам і эўразонай. Выступаючы ў сераду ў парлямэнце, міністар адзначыў, што наступствам стане значная эканамічная шкода, у выніку чаго тэмпы эканамічнага росту могуць зьнізіцца на 25-30 працэнтаў, вырасьце ўзровень інфляцыі і беспрацоўя.
Лідэры каталёнскіх незалежнікаў лічаць, што рэфэрэндум, які адбыўся 1 кастрычніка, даў рэгіёну мандат на незалежнасьць, паколькі больш за 90 адсоткаў яго ўдзельнікаў падтрымалі гэтую ідэю. Аднак Пудждэмон вырашыў адкласьці абвяшчэньне незалежнасьці і заклікаў Мадрыд да дыялёгу. Цэнтральная ўлада абвясьціла рэфэрэндум незаконным і адмовілася ад дыялёгу, запрасіўшы, тым ня менш, кіраўніка аўтаноміі выступіць у Сэнаце.
У пятніцу Сэнат плянуе пазбавіць Пудждэмона паўнамоцтваў кіраўніка Каталёніі і ўвесьці прамое кіраваньне аўтаноміяй. Каталёнскія ўлады заявілі, што будуць ігнараваць любыя крокі Мадрыду ў гэтым кірунку.