«Гроднааблкінавідэапракат» настойвае на тым, што публікацыя Вельб на сайце нашкодзіла дзелавой рэпутацыі прадпрыемства, і патрабуе абвергнуць зьвесткі.
Сёлета ў ліпені студэнтка журфаку БДУ Вераніка Вельб, якая праходзіла практыку на гарадзенскім сайце Hrodna.life, апублікавала артыкул у рубрыцы «Меркаваньні» пад назвай «Глядзець няма чаго. Для чаго насамрэч падыходзяць гарадзенскія кінатэатры».
У ім аўтарка напісала, што «гарадзенскія кінатэатры яе расчаравалі», што ў трох мясцовых кінатэатрах на працягу двух-трох тыдняў паказваюць адны і тыя фільмы.
Крытычна выказалася і да рэпэртуару кінатэатраў: «Кінатэатар — гэта прэм’еры, стужкі — пераможцы фэстываляў, гэта атмасфэра, калі ты цалкам паглыблены ў тое, што адбываецца на экране. Горадня досыць вялікі горад, каб тут быць людзям з рознымі густамі. А гарадзенскі кінапракат нічым, акрамя разрэклямаванага галівудзкага кіно, не цікавіцца».
Артыкул прыйшоўся не даспадобы прадстаўнікам адміністрацыі «Гроднааблкінавідэапракат», і ў пазове ў суд яны вызначылі чатыры фрагмэнты, якія, на іх погляд, зьяўляюцца непраўдзівымі і нашкодзілі іхнай дзелавой рэпутацыі.
Рэдактар сайту Hrodna.life Аляксей Шота сказаў Свабодзе, што, атрымаўшы позву з суду, прапаноўваў «Гроднааблкінавідэапракату» ў рубрыцы «Меркаваньні» апублікаваць свой матэрыял аб працы прадпрыемства ў межах абмену думкамі, але адміністрацыя з гэтым не пагадзілася.
«Адміністрацыя „Гроднааблкінавідэапракату“ настойвае на тым, што мы павінны апублікаваць абвяржэньне. Маўляў, факты ў артыкуле груба скажаюць рэальнасьць, не адпавядаюць сапраўднасьці і наносяць шкоду дзелавой рэпутацыі. І відавочна, што ім карціць вырашыць справу менавіта праз суд. Прычым яны патрабуюць толькі абвяржэньня зьвестак і пакрыцьця судовых выдаткаў».
Паводле Шоты, яны нязгодныя з патрабаваньнямі другога боку, паколькі разьмясьцілі на сваім сайце толькі меркаваньне, а ніякім чынам не абразу і тым болей не сказілі ніякіх фактаў.
«Паводле беларускай Канстытуцыі, — заўважае Шота, — кожны грамадзянін мае права выказваць сваю думку».
Падчас судовага працэсу прадстаўнік «Гроднааблкінавідэапракату» хадайнічаў аб правядзеньні лінгвістычнай экспэртызы тэксту з мэтай вызначыць, ці названыя фрагмэнты маюць нэгатыўны характар у дачыненьні да прадпрыемства «Гроднааблкінавідэапракат» і ці артыкул пабудаваны згодна са стратэгіяй дыскрэдытацыі КУП «Гроднааблкінавідэапракат».
Паводле Шоты, іх бок не пагадзіўся з такой пастаноўкай пытаньняў для экспэртызы і прапанаваў свае пытаньні экспэртам.
«Мы просім высьветліць, ці зьяўляюцца гэтыя выказваньні выказваньнямі пра факты ці выказваньнямі меркаваньня. Тут крыецца прынцыповая розьніца. І па-другое, калі гэта выказваньні пра факты, то ці носяць яны намераны характар. Мы лічым, што такая пастаноўка пытаньняў больш адпавядае сутнасьці справы».
Наступнае паседжаньне суду пакуль не прызначана.