Галоўная мэта форуму — умацаваньне пазыцыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці краінаў «Усходняга партнэрства», якія разам з грамадзкімі арганізацыямі краінаў Эўразьвязу вызначаюць будучыню «Ўсходняга партнэрства».
Удзельнікі канфэрэнцыі абмяркуюць вынікі працы грамадзянскага сэктару, а таксама пэрспэктывы разьвіцьця. Дыскусіі пройдуць на тэмы: бізнэс; правы чалавека і дэмакратыя ў краінах «Усходняга партнэрства»; гендэрная роўнасьць; узаемадзеяньне недзяржаўных арганізацыяў і ўраду; пагрозы навакольнаму асяродзьдзю.
Беларусь на канфэрэнцыі прадстаўляюць праваабаронца Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, навуковы дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая, генэральны дырэктар міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Улад Вялічка ды іншыя грамадзкія дзеячы.
Ад уладаў Беларусі заяўлены намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка і кіраўнік дэпартамэнту эўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Андрэй Бушыла.
Канфэрэнцыя грамадзянскай супольнасьці краінаў «Усходняга партнэрства» і 9-я штогадовая асамблея Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» праходзяць у Таліне ў рамках старшынства Эстоніі ў Радзе Эўрапейскага Зьвязу.
Саміт «Усходняга партнэрства» адбудзецца 24 лістапада ў Брусэлі.
Чаму саміт «Усходняга партнэрства» пройдзе ў Брусэлі, а ня ў Таліне
У прадстаўніцтве ЭЗ заявілі, што Беларусь запрошаная да ўдзелу ў саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі такім жа чынам, як і іншыя краіны — удзельніцы ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства» і краіны Эўрапейскага Зьвязу: запрашэньне адрасаванае кіраўніку дзяржавы.
Напярэдадні чатырох папярэдніх самітаў «Усходняга партнэрства» ЭЗ ясна даваў зразумець, што на іх не чакаюць Лукашэнку, які кіруе Беларусьсю шмат гадоў і якога называлі «апошнім дыктатарам Эўропы».
На апошнім такім саміце, які праходзіў у Рызе ў 2015 годзе, Менск прадстаўляў міністар замежных справаў Уладзімер Макей.