ЗША яшчэ на паўгода працягнулі прыпыненьне санкцыяў да 9 беларускіх прадпрыемстваў

Міністэрства фінансаў ЗША інфармуе, што ЗША працягваюць прыпыненьне санкцыяў да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў яшчэ на паўгода. «Дадзенае рашэньне не вызваляе заблякаваную ўласнасьць гэтых прадпрыемстваў», — падкрэсьлівае Міністэрства.

Амэрыканскія санкцыі тычыліся ў асноўным дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў Беларусі. Урад ЗША атрымаў права накладаць фінансавыя санкцыі на асобы і кампаніі, якія палічыць адказнымі за перашкоду дэмакратычным працэсам у Беларусі, альбо якія належаць або кантралююцца Аляксандрам Лукашэнкам.

Санкцыі супраць дзевяці кампаніяў зь Беларусі — Беларускага нафтавага гандлёвага дому, «Белнафтахіму» і яго філіі ў ЗША (Belneftekhim USA), «Белшыны», «Гродна Азоту», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарбы», ААТ «Нафтан», «Полацак Шкловалакно» былі ўведзеныя ў 2007 годзе. У кастрычніку 2015 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, амэрыканскія санкцыі былі часткова скасаваныя. З таго часу кожныя паўгода амэрыканскі бок падаўжае гэтае рашэньне.

Амэрыканскія кампаніі могуць праводзіць зьдзелкі з гэтымі беларускімі прадпрыемствамі, але калі сума ўгоды перавышае 50 тысяч даляраў, то неабходна паведаміць Дзярждэпартамэнту ЗША на працягу 30 дзен.

Тымчасам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 13 чэрвеня працягнуў на год дзеяньне санкцыяў у дачыненьні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя ў 2006 годзе ў сувязі з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў, прызнаных Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам недэмакратычнымі, а таксама гвалтоўным разгонам «Плошчы» і акцыі пратэсту на Дзень Волі.​


«Прыпыненьне санкцый накіравана на падтрымку эканомікі Беларусі і ўзмацненьне яе незалежнасьці», амбасада ЗША