У 2016 годзе беларусам выдалі больш за 600 візаў для навучаньня ў Вялікай Брытаніі, паведаміла брытанская амбасадарка ў Беларусі Фіёна Гіб у інтэрвію БелаПАН.
Фіёна Гіб удакладніла, што у 2016 годзе беларусы атрымалі больш за 100 доўгатэрміновых візаў, а кароткатэрміновых — больш за 500. Зьвестак за гэты год пакуль няма.
Паводле дыплямата, штогод амбасада атрымлівае вялікую колькасьць заявак на ўдзел у стыпэндыяльнай праграме Chevening, якая фінансуецца МЗС Вялікай Брытаніі і арганізацыямі-партнэрамі. Стыпэндыю выдаюць у асноўным на адзін год для атрыманьня магістарскай ступені ў брытанскіх ВНУ.
«Штогод атрымліваем больш за 100 заявак, адбіраюцца 5-8 чалавек. Цяпер у Вялікай Брытаніі навучаюцца восем студэнтаў па гэтай праграме», — сказала Гіб.
Кажучы пра супрацоўніцтва ў сфэры адукацыі, амбасадарка паведаміла, што ў наступным годзе Кентскі ўнівэрсытэт у партнэрстве з Кембрыджскім унівэрсітэтам распачнуць новае чатырохгадовае навукова-дасьледчае партнэрства зь Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам.
«Гэта — адзін з прыкладаў супрацоўніцтва. У амбасады няма дастаткова сродкаў, каб стварыць нейкі свой праект. Мы можам падтрымліваць сувязі паміж унівэрсытэтамі, але працаваць над праектамі і разьвіваць супрацоўніцтва — гэта адказнасьць саміх навучальных установаў», — падкрэсьліла Гіб.