Ён разважае, чаму важнае крытычнае ўспрыманьне заходнеэўрапейскіх каштоўнасьцяў, адказвае на пытаньні, што Эўропа можа даць Беларусі і як палякі ставяцца да беларускай незалежнасьці.
— Выхад кнігі пра Беларусь — у любым выпадку прыкметная і, на жаль, ня частая падзея. Як атрымалася, што ваша кніга выходзіць у Польшчы, для якога чытача яна прызначаная?
— Кніга выйшла на польскай мове і ў перакладзе называецца «Беларускія пытаньні ў кантэксьце эўрапейскіх адказаў». Кніга паўстала ў рамках стыпэндыі імя Льва Сапегі, якую я атрымаў у 2013 годзе. У рамках стыпэндыі я меў магчымасьць быць па 2 месяцы ў 5 розных польскіх унівэрсытэтах і працаваць над кнігай. Прэзэнтацыя адбудзецца ў Варшаве ў сераду 25 кастрычніка а 18 гадзіне па адрасе ul. Koszykowa 26/28 (Biblioteka Publiczna m. st. Warszawy)
Кніга тычыцца беларускай і эўрапейскай тэматыкі, пытаньня, «што Эўропа і эўрапейскія каштоўнасьці могуць даць Беларусі ў цяперашні час». Можа, менавіта так можна акрэсьліць галоўны пасыл гэтай кнігі.
— І які вы даяце адказ на гэтае пытаньне? Асабліва на фоне відавочнага росту пэўнага скептыцызму наконт Эўропы, які назіраецца апошнімі гадамі ў беларускім грамадзтве.
Заходняя Эўропа больш не зьяўляецца папулярнай у масавай беларускай сьвядомасьці.
— Так, вы маеце рацыю, што назіраецца пэўны скептыцызм, і тычыцца ён ня толькі Беларусі, але значнай, найперш, усходняй, часткі Заходняй Эўропы. Ёсьць пэўныя праблемы ўнутры самой Заходняй Эўропы, праблемы палітычныя і сьветапоглядныя, зьвязаныя з сыстэмай каштоўнасьцяў. І гэта азначае двайны выклік для беларусаў, асабліва для прыхільнікаў эўрапейскага выбару (такіх, як я, напрыклад). Выклік палягае і ў тым, што Заходняя Эўропа больш не зьяўляецца папулярнай у масавай беларускай сьвядомасьці. Але яшчэ большая праблема — нават калі арыентавацца на Эўропу, то на якую?
— Але калі да гэтага падыходзіць вельмі па-максымалісцку, то кожнаму беларусу будзе нешта ў Эўропе не падабацца. Адным — гей-шлюбы і паліткарэктнасьць, іншым, наадварот, — правы рэванш і строгае стаўленьне да мігрантаў. Можа, варта адкідаць такі максымалізм у стаўленьні да Эўропы?
— Вядома, людзі розныя і камусьці нешта заўсёды ня будзе падабацца, але справа ня толькі ў гэтым. Проста вельмі складана цяпер знайсьці нейкі стрыжань, які б прадстаўляў зьвязаную сыстэму каштоўнасьцяў.
У працэсе аналізу гэтых каштоўнасных дэбатаў у Эўропе я ў сваёй кнізе стаўлю пытаньне, ці можа гэтым апірышчам быць рацыяналізм, устаноўка на крытычную дыскусію. Але і тут няма кансэнсусу, цяпер вельмі моцнай ёсьць тэндэнцыя такога стаўленьня да навукі, навуковага пазнаньня, што гэта нешта, што накідвае агульную волю. Іншы добры кандыдат на каштоўнасную базу — правы чалавека, але і там вельмі моцныя каштоўнасныя канфлікты.
Заходнюю Эўропу я ўспрымаю як вартасную крыніцу натхненьня. Але крытычнае ўспрыманьне заходнеэўрапейскіх каштоўнасьцяў зьяўляецца адпаведнай пазыцыяй.
Заходнюю Эўропу я ўспрымаю як вартасную крыніцу натхненьня. Але крытычнае ўспрыманьне заходнеэўрапейскіх каштоўнасьцяў зьяўляецца адпаведнай пазыцыяй. Бо некрытычнае, бяздумнае ўспрыманьне, якое было да гэтага часу, зьяўляецца неапраўданым.
— Каго вы лічыце аўдыторыяй сваёй кнігі? Палітыкаў, беларусазнаўцаў — ці больш шырокага польскага чытача? Як вы прэзэнтуеце Беларусь палякам?
— Кніга ад пачатку задумвалася як адрасаваная польскаму чытачу. Што тычыцца мэтавай катэгорыі, то пасьля пэўных узгадненьняў з рэдактарамі я абраў такую оптыку, што, ня гледзячы на навуковы матэрыял, яна пададзеная ў папулярнай форме.
— Ці закранулі вы ў сваёй кнізе тыя зьмены, што адбыліся ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях апошнія 2-3 гады?
— Так, я пільна сачыў за ўсімі публікацыямі, што зьяўляліся ў Беларусі на гэтую тэму. Я цытую некалькі дзясяткаў аўтараў, якія пісалі на гэтую тэму — у тым ліку і ваш, спадар Цыганкоў, артыкул «Лукашэнка як не абсалютнае зло». Бо вельмі важна данесьці чытачам, што цяпер вельмі спэцыфічны пэрыяд, пераходны, зьмены ў дзяржаўнай ідэалёгіі, зьмены ў геапалітычных прэфэрэнцыях. Магчыма, гэтыя рэчы не зьяўляюцца вельмі глыбокімі, але яны сымптаматычныя.
— А што наконт зьмены стаўленьня да афіцыйнага Менску «з таго боку»? Паказальна, што апошнія гады гэтыя зьмены ўзначаліла Варшава, якая ў свой час была ці не галоўным апанэнтам беларускага рэжыму, а цяпер у авангардзе «нармалізацыі» стасункаў зь Менскам? Чым бы вы б гэта патлумачылі?
— Для Польшчы заўсёды было ключавым пытаньнем праблема польскай меншасьці на тэрыторыі былога СССР, у тым ліку ў Беларусі. І цяперашні ўрад Партыі права і справядлівасьці, для якога гістарычная памяць, умацоўваньне нацыянальнай супольнасьці зьяўляецца цэнтральнай тэмай, галоўны акцэнт робіць на тое, як вынайсьці адпаведную форму падтрымкі польскай меншасьці ў Беларусі. А мы ведаем, што з шэрагу прычынаў гэта вельмі нялёгка. Таму адным з пабочных прадуктаў гэтай устаноўкі стала пэўнае зьмяншэньне падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці, курс на пацяпленьне адносінаў з афіцыйным рэжымам.
У сувязі з імпэрыялістычнымі захадамі Расеі варта даць большае поле манэўру для Менску.
Іншая крыніца, агульнаэўрапейская — у сувязі з імпэрыялістычнымі захадамі Расеі варта даць большае поле манэўру для Менску. Таму польскія прычыны тут супадаюць з агульнаэўрапейскімі.
— Акурат апошнія тыдні ў Беларусі вялася даволі шырокая грамадзкая дыскусія пра беларуска-польскія стасункі на фоне ўстаноўкі помніка Касьцюшку. Пры гэтым гучалі такія меркаваньні, што «для палякаў, як і для расейцаў, мы ніколі не былі нацыяй. Нацыяй для іх мы не зьяўляемся і цяпер». Ці можна сьцьвярджаць, што Польшча паважна ставілася да беларускага сувэрэнітэту прынамсі апошнія 25 гадоў?
— Апошнія 25 гадоў у Польшчы пануе «дактрына Гедройця», паводле якой Польшча ўмацоўвае незалежнасьць Беларусі, Украіны, Літвы, робіць гэта шляхам падтрымкі нацыянальнай сьвядомасьці ў гэтых краінах. Але, акрамя афіцыйнага ўзроўню, ёсьць абшар неафіцыйных, прыватных пазыцыяў, якія нярэдка інсьпіраваныя памяцьцю пра тое, як было ў міжваенны час. Гэта значыць, асіміляцыйная тэндэнцыя, скіраваная на тое, каб беларусы надта моцна не ўмацоўвалі сваю нацыянальную сьвядомасьць у тым ліку, не спрабавалі «нацыяналізаваць» Касьцюшку, Міцкевіча і гэтак далей. І гэты ўзровень не зьвязаны з афіцыйным, але часам дае пра сябе знаць.
— Ці лічаць палякі беларусаў эўрапейскай нацыяй? Ці тут перш за ўсё самі беларусы «вінаватыя» у тым, як да іх ставяцца, бо хапае прычынаў сумнявацца ў эўрапейскасьці беларусаў?
У Польшчы дамінуе ўстаноўка, што Беларусь павінна быць эўрапейскай краінай.
— На базе тых размоваў, дыскусіяў, у якіх мне шмат гадоў даводзіцца ўдзельнічаць, магу сказаць — у Польшчы дамінуе ўстаноўка, што Беларусь павінна быць эўрапейскай краінай. Адначасова адзначаецца, што цягам доўгага часу, цягам двух стагоддзяў Беларусь знаходзілася ў арбіце ўплыву Расеі і пазьней СССР, і гэта спараджае аб’ектыўныя перашкоды да збліжэньне Беларусі з Эўропай. Тым ня менш на «павіннасным» узроўні дамінуе перакананьне, што варта ўмацоўваць у Беларусі менавіта эўрапейскі выбар.
— Ваша кніга была замоўленая і заплянаваная менавіта для польскага чытача. Але ў Беларусі назіраецца відавочны дэфіцыт такіх паліталягічных кнігаў пра беларускія рэаліі. Ці ёсьць варыянты, каб кніга выйшла на беларускай мове для беларускага чытача?
— Мне, вядома, хацелася, каб гэтая кніга выйшла ў Беларусі, я яе адпаведным чынам адаптаваў бы да беларускіх рэаліяў. Спадзяюся, што будзе нейкі водгук з боку выдаўцоў і ўдасца папрацаваць дзеля яе перакладу на беларускую мову.