Згодна з абноўленым прагнозам Сусьветнага банку, валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2017 годзе вырасьце на 1,8%. У траўні Сусьветны банк прагназаваў скарачэньне ВУП на 0,4%, перадае БелаПАН.
У кастрычніцкім макраэканамічным прагнозе, які прыводзіцца ў справаздачы «Міграцыя і мабільнасьць у Эўропе і Цэнтральнай Азіі» Сусьветнага банку, экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што аднаўленьню эканамічнага росту ў Беларусі ў 2017 годзе спрыяе аднаўленьне расейскай эканомікі, дзякуючы чаму стаў расьці беларускі экспарт.
«Чакаецца, што спрыяльныя вонкавыя ўмовы захаваюцца, падтрымліваючы ўмераны эканамічны рост на 1,8% у гадавым вылічэньні ў 2017 годзе і на 2,1% у 2018 годзе», — прагназуюць аналітыкі Сусьветнага банку.
Пры гэтым экспэрты адзначаюць: паколькі структурныя праблемы ў беларускай эканоміцы захоўваюцца, патэнцыял для паскарэньня эканамічнага росту ў Беларусі абмежаваны.
«Галоўная праблема для Беларусі палягае ў тым, каб не патрапіць у траекторыю нізкіх тэмпаў эканамічнага росту. Каб пазьбегнуць гэтага лёсу, вельмі важна павялічыць памер прыватнага сэктара, паменшыць памер дзяржсэктару і ўмацаваць сыстэму сацыяльнай абароны насельніцтва для абароны найбольш уразьлівых сацыяльных груп у працэсе трансфармацыі эканомікі», — мяркуюць экспэрты.
Яны паказваюць, што беларускія ўлады не адмаўляюць неабходнасьць гэтых зьмяненьняў, аднак «асобы, якія вызначаюць палітыку», разыходзяцца ў поглядах па пытаньні хуткасьці такіх рэформаў.
Эканамісты Сусьветнага банку таксама зьвяртаюць увагу на тое, што рост ўзроўню дзяржаўнага доўгу і дырэктыўная задача па павелічэньні даходаў насельніцтва ствараюць рызыкі для ўзьнікненьня дысбалянсаў у будучыні — яны могуць пагражаць тэмпам эканамічнага росту ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.
У студзені-верасьні 2017 году рост ВУП Беларусі склаў 1,7%. Афіцыйны прагноз ураду мяркуе, што у 2018 годзе рост паскорыцца і эканоміка вырасьце на 3,4%. Разам з тым, паводле сярэднетэрміновага прагнозу Сусьветнага банку, эканамічны рост у Беларусі ў бліжэйшыя гады будзе захоўвацца на ўзроўні 2% (2,1% — у 2018, 2,4% — у 2019). Сусьветны банк таксама чакае, што прафіцыт бюджэту ў 2017-2019 гадах складзе 1,9-2% ВУП, а дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый плацёжнага балянсу — 3,2-3,5% ВУП.