Рабочая група, якая рыхтуе да другога чытаньня зьмены і дапаўненьні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», з другой спробы пагадзілася ўнесьці папраўку, згодна зь якой інфармацыю на этыкетках айчынных вытворцаў трэба рабіць ня толькі на расейскай, але і беларускай мове. Пра гэта Свабодзе 23 кастрычніка паведаміла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
«Старшыня нашай камісіі (па адукацыі, культуры і навуцы) Ігар Марзалюк папрасіў мяне папрысутнічаць замест яго на пасяджэньні рабочай групы і адстойваць пазыцыю аб інфармацыі на этыкетках па-беларуску. У дзейным законе зафіксавана, што надпіс можа быць зроблены на беларускай або расейскай мовах. А спадар Марзалюк пераконваў, што трэба запісаць на беларускай (або) і расейскай мовах. Слова „або“ бярэцца ў дужкі, і да яго дадаецца слова „і“. Дарэчы, менавіта так ужо прапісана ў некалькіх дзейных законах, якімі карыстаюцца ў некаторых іншых сфэрах», — кажа Анісім.
Паводле ейных словаў, на першым пасяджэньні рабочай групы гэтую прапанову не ўспрынялі.
«Тады старшыня камісіі напісаў другі зварот да рабочай групы. Сам ён ня мог прысутнічаць на другім пасяджэньні. Таму ягоную пазыцыю адстойвала я. І ў канчатковы варыянт зьменаў і дапаўненьняў да другога чытаньня, падобна, увойдзе варыянт зь „і“. А апошняе слова будзе за дэпутатамі Палаты падчас другога чытаньня. У любым выпадку наша камісія будзе акцэнтаваць на гэтым увагу калегаў», — кажа дэпутатка.
Алена Анісім адзначае, што каштоўнасьць новай папраўкі ў тым, што яна «не абмяжоўвае вытворцаў адной ці другой дзяржаўнай мовай»: «Друкуйце, калі ласка, адначасова і па-беларуску, і па-расейску. Усё ж гэта крок наперад».
Законапраект «Аб абароне правоў спажыўцоў» рыхтуе камісія Палаты прадстаўнікоў у жыльлёвай палітыцы і будаўніцтве. У камісіі Свабодзе паведамілі, што ў першым чытаньні законапраект прынялі ў чэрвені 2017 году. Цяпер ён рыхтуецца да другога чытаньня.