У Баранавічах актывіста выпусьцілі зь міліцыі, калі акцыя пратэсту ў Менску ўжо пачалася

Рыгор Грык у судзе ў Баранавічах. Архіўнае фота.

21 кастрычніка актывіста з Баранавічаў Рыгора Грыка затрымалі міліцыянты ў цывільным перад пасадкай на цягнік у Менск, куды ён выпраўляўся на акцыю пратэсту.

Пасьля вызваленьня Рыгор Грык распавёў Свабодзе:

«У мяне быў квіток на цягнік да Менску на 10.40. За хвілін 20 да адпраўленьня я быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Адзін зь іх паказаў мне пасьведчаньне ўчастковага міліцыі, яго завуць Пётр Герман. Ён сказаў, што я не сяду ў электрычку. Я спрабаваў зайсьці ў цягнік, яны мяне не пускалі, адштурхоўвалі. Ад гэтых малых штуршкоў я паваліўся на рэйкі. Паляжаў, падышла чыгуначная міліцыя яшчэ. Я падняўся з рэек і сеў на пэроне. Праз пэўны час мяне падхапілі пад рукі і пацягнулі да машыны».

Актывіст паведаміў, што ў міліцэйскім пастарунку яго апытаў маёр Сяргей Паўленя наконт аднаго з пікетаў у Баранавічах. Спадар Грык даводзіў, што ў пікеце ён ня мог удзельнічаць, бо ў той час быў за мяжой, аб чым сьведчаць штампы ў пашпарце. Паводле актывіста зь міліцыі яго адпусьцілі ў 14.10, а таксама зь яго тэлефону быў зьнішчаны відэазапіс затрыманьня. Рыгор Грык зьвязвае затрыманьне з тым, што яго «хацелі не дапусьціць на акцыю пратэсту ў Менск».