Вінцук Вячорка заклікаў не называць Горадню Гародняй

Вінцук Вячорка

Мовазнаўца Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Горадні сваю новую кнігу «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі». Нарысы пра беларускую мову выйшлі ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзя», яны гучалі на хвалях і публікаваліся на сайце радыё.

Кніга Вінцука Вячоркі «Не смяшыце мае прыназоўнікі»

​Сустрэча з чытачамі адбылася ў Цэнтры культуры, якім загадвае Павал Мажэйка.

Падчас прэзэнтацыі мовазнаўца заклікаў гарадзенцаў не называць свой горад Гародняй.

«Ваш горад правільна па-беларуску называць Горадня», – зазначыў Вінцук Вячорка.

Ён сказаў, што не паленаваўся перакапаць два тамы дакумэнтаў Рады БНР, каб знайсьці гэтаму пацьверджаньне.

«Там недзе шэсьцьдзесят узгадваньняў вашага гораду і толькі два разы сустракаецца Гародня. Астатнія – альбо Горадня, або Горадна. Альбо Гродна, на жаль… Тут жа была сталіца БНР кароткі час, як вы ведаеце. Людзі пісалі дакумэнты тут і пісалі – Горадня. Этымалягічна Горадня – ад горада, Гародня – ад агароду. Гэта роднасныя, вядома, словы, адзін і той жа корань, але паселішча, якое ад пачатку было ўмацаваным, яно наўрад ці ад агароду было названа. Я ведаю, што ўкараніў «Гародню» Міхась Ткачоў, уся «Паходня» гаварыла ўсьлед за ім – Гародня», – сказаў Вінцук Вячорка.

На сустрэчы быў Мікола Таранда, кіраўнік «Паходні», ён распавёў, што ў 1986 годзе была сустрэча з Анатолем Сысом і ён «абазваў горад – «Горадня», дык сказалі – «давайце мы яго выдалім адсюль». Але нехта за Сыса заступіўся.

Вячорку спадабаўся той выпадак, што паэта Сыса хацелі за Горадню выгнаць. Ён яшчэ раз зазначыў: «Я разумею, што называць свой горад Гародняй – гэта новая традыцыя гарадзенскага інтэлектуальнага клюбу, але мовазнаўцы вам будуць пярэчыць».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.