У Польшчы 21 кастрычніка афіцыйна ўступаюць у дзеяньне папраўкі да закона аб забароне прапаганды камунізму і іншых таталітарных рэжымаў.
Закон забараняе называць вуліцы і ўстановы ў гонар людзей ці падзей, зьвязаных з камуністычным ладам.
У Расеі яго называюць законам аб зносе савецкіх помнікаў, паколькі ён падразумявае дэмантаж статуй і абэліскаў савецкага часу. Закон дзейнічае ў краіне з красавіка мінулага года.
Улетку прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў шэраг дапаўненьняў да яго. Папраўкі пашыраюць сьпіс помнікаў — цяпер ён распаўсюджваецца таксама на абэліскі, барэльефы і памятныя дошкі. Пад дэмантаж, па розных ацэнках, могуць трапіць каля 500 мэмарыяльных аб’ектаў, палова з іх прысьвечана Чырвонай арміі.
Гарадзкія ўлады павінны на працягу года перайменаваць вуліцы і плошчы, а таксама зьнесці помнікі, прызнаныя спадчынай камунізму. У тым ліку манумэнты, якія паставілі ў Польшчы ў гонар савецкіх салдат. Закон не закране могілак, на якіх пахаваны чырвонаармейцы.
У Расеі лічаць, што закон абражае памяць шасьцісот тысяч салдат Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленьні Польшчы ў Другой сусьветнай вайне. Раней МЗС Расіі назваў прыняцьце новага польскага закона сьвядомай правакацыяй і заявіў, што ў адносінах да Польшчы могуць быць прыняты меры «асімэтрычнага характару».
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.