Пачатак ТУТ
Няма гарантыяў. Больш за тое, хутчэй за ўсё, так яно і будзе.
Асабіста ў мяне, які дзевяць месяцаў дэтальна фіксаваў усе падзеі на працэсе ашмянскіх мытнікаў, склаўся вобраз цалкам фармальнага суду, празь які можна працягнуць якую заўгодна несправядлівасьць. Суду, які не разьбіраецца, які ад пачатку мае карны характар, які не бярэ пад увагу ніводнага факту невінаватасьці падсудных, які праходзіць пад жорсткім кантролем КДБ.
Вядома, аўтарытарызм і ўсё такое, але ключавы панятак тут — грамадзкая думка, якая часьцяком заплюшчвае вочы на нікчэмнасьць судоў і несправядлівасьць прысудаў.
Бывалыя журналісты, якія самі ж і «раскручваюць» трагедыю Коржыча, выказваюць шчырае зьдзіўленьне тым размахам, які набыла ў грамадзтве быццам бы «ардынарная» тэма. Няўжо нешта мяняецца ў грамадзтве? — варожаць журналісты. — Дык жа быццам бы не.
Вось гэтае зьдзіўленьне сапраўды неардынарнае.
І ў гісторыі з ашмянскімі мытнікамі і ў гісторыі Коржыча грамадзкую думку асабіста ўзначаліў прэзыдэнт. У першым выпадку ён анансаваў справу, адразу назваўшы 58 мытнікаў Каменнага Логу бандай. У другім выпадку — наўздагон — выказаў спачуваньне сваякам салдата.
Як кажуць, нічога асабістага, толькі праца з калектыўным несьвядомым. Грамадзкая думка ўжо гатовая да любых максымальных прысудаў усім, хто арыштаваны і яшчэ будзе арыштаваны пасьля трагедыі ў Печах. І ніякі суд ня стане разьбірацца з доказамі невінаватасьці. А навошта, калі ёсьць грамадзкая думка?
Праваабаронцы сказалі мне, што не дадуць Алесю Юркойцю статус палітвязьня. «Ня той выпадак». Ён ня біў вокнаў у Доме ўраду, не хадзіў на мітынгі і нават не састаяў у апазыцыйнай партыі. Ён паставіў помнік паўстанцам Каліноўскага і рыхтаваў Касінерскі фэст, за што і патрапіў у турму. Атрымаў 7 гадоў. Вы скажаце, за помнік і фэст не пасадзяць. Грамадзкая думка лічыць, што не пасадзяць. Таму для яе напісалі іншае – браў хабар ды яшчэ ў складзе групы. Праўда, ніводным аб’ектыўным фактам гэтага не даказалі, але і аргумэнтаў абароны пад увагу не прынялі.
Я спытаўся ў праваабаронцаў: калі чалавека за ягоную беларушчыну гадамі перасьледуе КДБ, а пасьля, каб пакончыць, уплішчвае пад грабёнку ў сфабрыкаваную справу, дык якая яшчэ зямная інстанцыя гатовая ўступіцца за ягонае чыстае імя? – чаму ўласна я да вас і прыйшоў. Ведаеце, што яны мне адказалі? Грамадзкая думка.
Аляксандра Коржыча ня верне зь пятлі ніякая грамадзкая думка. Ці засьцеражэ яна ад падобных злачынстваў у арміі? Ня думаю. Надта яна падобная на фэйсбучную стужку. Сёньня ўсе пра грыбы, заўтра ўсе пра Коржыча, пазаўтра ўсе пра Вайшнорыю…
Грамадзкая думка ў Беларусі ўсё больш нагадвае мне сам гэты Юркойцеў суд, куды я прыйшоў з даволі вялікай надзеяй на справядлівасьць, а выйшаў без мікрона гэтай самай надзеі. Як кажуць, горкая праўда лепш за салодкую ману. Тое самае з грамадзкай думкай. Трэба прызнаць, што сёньня ў нас гэта ўсяго толькі рабочы інструмэнт прэзыдэнта. І як у судах кожнага судзьдзю прызначае асабіста прэзыдэнт, так і ў грамадзкай думцы толькі ён вырашае, што мы ўсе думаем сёньня і што будзем думаць заўтра.
Ня здольная грамадзкая думка і на тое, каб выцягнуць Юркойця з турмы. Прынамсі нішто на гэта не намякае. Пакуль.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.