Былая амэрыканская гімнастка абвінаваціла лекара зборнай у сэксуальных дамаганьнях

Маккэйла Мароні на прыёме ў Белым доме ў прэзыдэнта Барака Абамы ў лістападзе 2012 году.

Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 году ў Лёндане Маккэйла Мароні напісала ў сваім Твітэры, што былы лекар зборнай ЗША Лары Насар неаднаразова прыставаў да яе, калі ёй было 13 гадоў.

Пост Мароні зроблены пад хэштэгам «#MeToo». Яна піша, што дамаганьні Насара пачаліся на алімпійскіх гульнях 2012 году і скончыліся толькі тады, калі яна пакінула спорт у 2016 годзе. Спартоўка піша, што дамаганьні лекар маскіраваў пад прадстаўленьне ёй неабходнага лячэньня.

Лекар Лары Насар, былы выкладчык Мічыганскага ўнівэрсытэту, быў арыштаваны ў лістападзе 2016 году паводле абвінавачаньня ў сэксуальных дамаганьнях да непаўналетніх жанчын на працягу ўсёй сваёй кар’еры.

Мароні стала адной зь некалькіх жанчын, якія выступілі з расказамі аб сэксуальных дамаганьнях або нападах ў межах кампаніі «Me Too» ў апошнія дні. Гэты рух быў выкліканы скандалам вакол галівудзкага прадусара Гарві Вайнштэйна, якога дзясяткі акторак і мадэляў абвінавацілі ў сэксуальных дамаганьнях. Вайнштэйн быў звольнены з уласнай кампаніі і выключаны з Амэрыканскай кінаакадэміі. Супраць яго пачалася паліцэйская праверка паводле падазрэньня ў згвалтаваньні.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.