Беларусь і МВФ пакуль не плянуюць абмяркоўваць новы крэдыт. Ёсьць разыходжаньні ў пазыцыях

Беларусь і МВФ не плянуюць абмяркоўваць пытаньне пра новую крэдытную праграму падчас місіі фонду, якая будзе працаваць у Менску з 26 кастрычніка па 10 лістапада.

Пра гэта 17 кастрычніка паведаміў старшыня праўленьня Нацбанку Павал Калавур.

Місія МВФ плянавая; паводле Паўла Калавура, будзе разглядацца ў цэлым макраэканамічная сытуацыя ў краіне і зьмены, якія адбываліся сёлета:

«Што тычыцца канкрэтнай праграмы, якая магла б падтрымаць фінансава зьмены, якія адбываюцца ў Беларусі, то падчас працы гэтай місіі такое пытаньне не плянуецца разглядаць».

Старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі сказаў, што сумесная праграма прадугледжвала фінансавую падтрымку канкрэтных зьменаў у краіне.

«Гэтыя зьмены вызначаны і нашай пяцігадовай праграмай.Так, мы разышліся наконт пэўнай хуткасьці гэтых зьменаў. У прыватнасьці, па тарыфах на жыльлёва-камунальныя паслугі. Думаю, што мы ў краіне павінны вызначыцца, як мы будзем рухацца ў тых ці іншых кірунках рэфармаваньня эканомікі, а потым ужо вяртацца да пытаньня падтрымкі з боку міжнародных арганізацый. Мы павінны адказаць на шэраг пытаньняў, уключаючы пытаньне фіскальных рызык: як мы будзем імі кіраваць, як іх ацэнім. Гэта вельмі няпростая праца, але яе трэба зрабіць унутры краіны», — сказаў Калавур.

«МВФ зразумеў, што падтрымліваць старую сыстэму пры дапамозе іх крэдытаў — немэтазгодна»

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што адкладаньне перамоваў наконт новай крэдытнай праграмы з МВФ не азначае, што беларускаму ўраду не патрэбны грошы. Якія крыніцы фінансаваньня можа выкарыстаць цяпер беларускі бок?

Адмаўляючыся ад супрацы з МВФ, беларускія ўлады павінны пераплочваць сотні мільёнаў даляраў на абслугоўваньне значна даражэйшых крэдытаў

«Гэта Эўразійскі фонд разьвіцьця, потым былі эўрабонды, потым беларускі ўрад паведаміў, што налета таксама будуць эўрабонды. Гэта такія доўгія грошы, але яны страшэнна дарагія. Гэта сьведчыць пра тое, што, адмаўляючыся ад супрацы з МВФ, беларускія ўлады, па сутнасьці, прызнаюць, што яны павінны пераплочваць сотні мільёнаў даляраў на абслугоўваньне значна даражэйшых крэдытаў, якія яны бяруць на ўсясьветным рынку».

Паводле Раманчука, МВФ прыняў рашэньне спыніць перамовы зь Беларусьсю пра новы крэдыт, бо беларускі бок ня хоча выконваць рэкамэндацыі фонду. У чым палягаюць асноўныя разыходжаньні з МВФ?

«Фундамэнтальныя разыходжаньні найперш у тым, як кіруецца дзяржаўны сэктар, ці існуюць рынкавыя мэханізмы адносна прадпрыемстваў, якія стратныя і атрымліваюць дзяржаўную дапамогу. А таксама лібэралізацыя цэнаў, ліквідаваньне перакрыжаванага субсыдаваньня і, па сутнасьці, стварэньне падставаў для рынкавай эканомікі. Таму што Беларусь яшчэ не зьяўляецца рынкавай эканомікай. То бок МВФ зразумеў, што падтрымліваць старую сыстэму пры дапамозе іх крэдытаў немэтазгодна».

У верасьні Мінфін растлумачыў, чаму Беларусь ня просіць новага крэдыту ў МВФ. Паводле намесьніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, праца ў падрыхтоўцы крэдытнай праграмы прыпыненая, бо яна «фактычна гатовая і перамовы па ёй завершаныя», але «ёсьць разыходжаньні ў пазыцыях». Цяпер гэтыя разыходжаньні Беларусь і МВФ будуць збліжаць паасобку, «кожны ў сваёй частцы», патлумачыў Ермаловіч.

МВФ паведаміў аб прыпыненьні перамоваў зь Беларусьсю наконт новага крэдыту 20 ліпеня. Фонд чакае «неабходных зьменаў на высокім узроўні» ў пытаньнях беларускай камунальнай гаспадаркі і беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.

Беларусь прасіла ў МВФ крэдыт на 3,5 млрд даляраў. Краіна была гатовая атрымаць крэдыт яшчэ ў 2011 годзе, але праз паляпшэньне сытуацыі ў эканоміцы не вяла актыўных перамоваў да крызісу канца 2014 году, аднавіла дыялёг увесну 2015-га.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.