Пасьля зьяўленьня інфармацыі, зьвязанай з расейскім умяшаньнем у ход выбараў у ЗША, сэнатары-дэмакраты Эмі Клобушар і Марк Уорнэр маюць намер прадставіць у чацьвер законапраект, накіраваны на прадухіленьне замежнага ўмяшаньня на выбарах з дапамогай павышэньня празрыстасьці рэклямы ў інтэрнэце, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Новы законапраект, які атрымаў назву «Закон аб сумленнай рэкляме», распаўсюджвае на палітычную рэкляму ў сацыяльных сетках законы аб транспарэнтнасьці і раскрыцьці інфармацыі, якія тычацца рэклямы на тэлевізіі і радыё.
Сэнатар Джон Маккейн, які дапамагаў у распрацоўцы законапраекту, стаў першым рэспубліканцам, якія пагадзіліся выступіць суініцыятарам дакумэнту.
У апублікаваным прэс-рэлізе Ўорнэр і Клобушар заявілі, што адсутнасьць законаў аб раскрыцьці інфармацыі пра рэкляму ў сацыяльных сетках стала адной з прычын, зь якіх расейскія суб’екты, магчыма, скарысталіся гэтымі плятформамі.
«Расея спрабавала паўплываць на прэзыдэнцкія выбары 2016 году, закупляючы і разьмяшчаючы палітычную рэкляму на такіх плятформах, як Facebook, Twitter і Google, — гаворыцца ў заяве сэнатараў. — Зьмест і заказьнікі гэтых рэклямных аб’яў застаюцца загадкай для публікі праз састарэлыя законы, якія не пасьпяваюць за разьвіцьцём тэхналёгій».
Пасьля таго, як Facebook паведаміў, што зьвязаная з Крамлём арганізацыя закупіла рэкляму на 100 тысяч даляраў, якая разьмяшчалася прыкладна ў той жа час, калі ў ЗША ішла перадвыбарчая кампанія, Уорнэр і Клобушар агучылі ідэю ўнясеньня зьменаў у правілы Фэдэральнай выбарчай камісіі, якія абавязваюць такія сацыяльныя сеткі, як Facebook і Twitter, раскрываць інфармацыю пра заказьнікаў палітычнай рэклямы на сваіх плятформах.
Згодна з праектам ліста, распаўсюджанага сэнатарамі сярод іншых заканадаўцаў у пошуках падтрымкі законапраекту, лічбавыя плятформы, якія маюць больш за адзін мільён карыстальнікаў, павінны «падтрымліваць публічнае дасье з усімі перадвыбарнымі паведамленьнямі, закупленымі фізычнай асобай або арганізацыяй, якія выдаткавалі ўвогуле больш за 10 тысяч даляраў на палітычныя рэклямныя аб’явы ў інтэрнэце».
Вяшчальныя, кабэльныя і спадарожнікавыя правайдэры таксама павінны прыняць дадатковыя захады для прадухіленьня патэнцыйнага выкарыстаньня іх плятформаў замежнымі суб’ектамі для ўплыву на выбары.
«Закон аб сумленнай рэкляме не дазволіць замежным суб’ектам уплываць на нашы выбары шляхам распаўсюджваньня правілаў, якія дзейнічаюць у дачыненьні да тэлевізіі, радыё і спадарожнікавых каналаў, на палітычную рэкляму, якая разьмяшчаецца ў інтэрнэце», — адзначылі сэнатары.
Вядучы дэмакрат у камітэце Сэнату па выведцы, Уорнэр быў адным з самых актыўных заканадаўцаў у Кангрэсе, якія выступалі наконт патэнцыйнага расейскага ўмяшаньня на выбарах.
У дадатак да прапанаванага законапраекту дэмакрат Уорнэр настойвае на тым, каб такія тэхналягічныя кампаніі, як Facebook, Twitter і Google, далі Кангрэсу і грамадзкасьці больш дэталяў пра маштабы расейскага ўплыву з выкарыстаньнем іхных плятформаў.
На прэс-канфэрэнцыі раней у гэтым месяцы Ўорнэр заявіў, што хоча, каб амэрыканцы, якія бачаць рэкляму, «ведалі, што крыніца гэтай рэклямы была створаная замежнымі суб’ектамі».
Плянуецца, што прадстаўнікі тэхналягічных кампаній дадуць паказаньні пра такія ўмяшаньні на пасьлядоўных слуханьнях у камітэтах Палаты прадстаўнікоў і Сэнату па выведцы 1 лістапада.
Уорнэр і старшыня камітэту Сэнату па выведцы рэспубліканец Рычард Бэры заявілі, што яны чакаюць, што Расея паспрабуе аказаць уплыў на прамежкавыя выбары ў ЗША ў 2018 годзе.
Facebook «гатовы працаваць з заканадаўцамі і вывучыць любыя разумныя заканадаўчыя прапановы», заявіў прадстаўнік кампаніі.
Прадстаўнік Twitter паведаміў, што кампанія разьлічвае на «супрацоўніцтва з Кангрэсам і [Фэдэральнай выбарчай камісіяй] у гэтых пытаньнях».
Прадстаўнікі Google не адказалі на просьбу аб камэнтары.
***