Украінская чэмпіёнка кажа, што падасьць у суд на Шчэрбу за згвалтаваньне

Віталь Шчэрба

Знакамітая ў мінулым украінская гімнастка Тацяна Гуцу напісала ў Facebook, што 26 гадоў таму яе згвалціў беларускі гімнаст Віталь Шчэрба, будучы шасьціразовы алімпійскі чэмпіён.

“Гэта жудаснае гора. І трагедыя ў нашым спорце. Я буду пачынаць судовы працэс. Якія буду патрабаванні да Шчэрбы? Я не магу сказаць падрабязьней ", - цытуе Гуцу сайт ТСН, паводле якога былая спартоўка цяпер ўзгадняе свае дзеяньні з адвакатам.

Паводле Гуцу, двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі-1992, здарэньне адбылося падчас спаборніцтва ў Штутгарце ў 1991 годзе. Ёй тады было 15 гадоў, а Шчэрбу — 19. Былая ўкраінская чэмпіёнка, якая сёньня жыве і працуе ў ЗША, абвінаваціла былых партнэраў па камандзе Тацяну Торапаву і Рустама Шарыпава, што тыя ведалі пра згвалтаваньне і не заступіліся за яе.

Маці Шчэрбы: Гэта поўная лухта

Валянціна Шчэрба, маці шасьціразовага алімпійскага чэмпіёна, пракамэнтавала для «Народнай Волі» абвінавачваньні ў адрас яе сына. Словы Тацяны Гуцу яна назвала лухтою.

— Раней у Тацяны Гуцу на такое «прызнаньне» не было часу? Чаму чакала? Чаму ня выдала «навіны» па гарачых сьлядах? А цяпер яна выдае «сэнсацыю». Безумоўна, патрэбны эфэкт будзе дасягнуты — Гуцу зноў апынецца ў цэнтры ўвагі СМІ. Значна складаней апраўдвацца таму, каго абвінавацілі.

Паводле Валянціны Шчэрбы, прычынай заявы ўкраінскай гімнасткі можа быць жаданьне атрымаць грошы ад яе сына.

Пракамэнтаваць абвінавачаньні ўкраінскай гімнасткі Радыё Свабода папрасіла Віталя Шчэрбу. За 16 гадзін ён на нашу просьбу не адгукнуўся.