Міністар абароны выказаў спачуваньні сваякам Коржыча, паабяцаў пакараць вінаватых

Андрэй Раўкоў

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў пракамэнтаваў гібель салдата Аляксандра Коржыча празь 15 дзён па здарэньні, перадае БелТА.

Войска — гэта школа для маладых людзей, і ў вайсковым калектыве не павінна быць халатнасьці і баязлівасьці, падкрэсліў міністр.

«Камандзіры і начальнікі павінны адказваць за падначаленых, — заявіў ён. — Не павінна быць сьмерцяў вайскоўцаў, асабліва тэрміновай службы ў мірны час».

Раўкоў таксама заявіў, што пакараньне павінна быць непазьбежным і ў дачыненьні непасрэдна вінаватых, і ў дачыненьні тых службовых асобаў, якія дапусьцілі здарэньне сваім дзеяньнем, бязьдзеяньнем ці абыякавасьцю.

Ён дадаў, што бацькі мусяць зьвяртаць увагу на тое, што кажуць камандзіры вайсковых частак, у якіх служаць іхныя дзеці, трымаць сувязь з вайсковай часткай, а калі няма даверу да яе кіраўніцтва, прыходзіць на прыём да міністра ці зьвяртацца ў іншыя органы.

У Асобным навучальным цэнтры №72 у Печах працягваецца праверка па факце сьмерці салдата 21-гадовага Аляксандра Коржыча і прымаюцца захады ў «недапушчэньні здарэньняў», паведаміла сёньня Міністэрства абароны Беларусі.

Міністар заявіў, што ў дачыненьні часткі пачалі рэалізацыю «кадравых, тэхнічных і арганізацыйных» захадаў, пытаньні яе ў найбліжэйшы час будуць «кардынальна вызначаныя».

Мінабароны расказала падрабязнасьці «кадравых чыстак» у Печах

За «непрыняцьце захадаў у прадухіленьні гібелі вайскоўца» быў звольнены шэраг ваеннаслужачых, у тым ліку камандзір часткі, дзе служыў Аляксандар Коржыч. Сьледчыя распачалі крымінальныя справы ў дачыненьні 10 вайскоўцаў, у тым ліку двух афіцэраў.

Як паміраюць у беларускім войску. Толькі ў Барысаве сёлета зафіксавалі чатыры сьмерці

Аляксандар Коржыч

Паводле СК, цела Аляксандра Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі, але вэрсіі суіцыду па-ранейшаму разглядаюцца.

Беларусы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова, але Мінабароны ў адказ на звароты паскардзілася на спам і заблякавала сайт збору подпісаў, а таксама заяўляла пра наўмысную «інфармацыйную кампанію» супраць сябе і апраўдвалася зьмяншэньнем колькасьці злачынстваў і суіцыдаў у войску паводле афіцыйнай статыстыкі.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.