Алеся Лагвінца аштрафавалі на 1150 рублёў за «ўрок гісторыі» на Дзень ведаў, заўтра судзяць ягонага сына

Алесь Лагвінец у судзе Маскоўскага раёну. Архіўнае фота ад 27 сакавіка 2017 году. Перад судамі на затрыманымі на Дзень Волі

Маскоўскі раёны суд Менску пакараў палітыка Алеся Лагвінца за ўдзел у правядзеньні 1 верасьня ў Слуцку «ўроку гісторыі» пакараў штрафам на 50 базавых велічынь (1150 рублёў). 19 кастрычніка ў Фрунзенскім судзе за акцыю ў Слуцку будуць судзіць і сына палітыка Антося Лагвінца.

1 верасьня Алесь Лагвінец са старэйшым сынам Антосем, мастак Алесь Пушкін са сваім непаўналетнім сынам Мікалаем ушанавалі ў Слуцку памяць удзельнікаў Слуцкага паўстаньня супраць улады бальшавікоў 1920 годзе.

Арганізатары «ўроку» вывесілі на плоце вакол мясцовага краязнаўчага музэю партрэты паўстанцаў, зрабілі фатаздымкі, наведалі магілу ўдзельніка паўстаньня 1863 году паэта Альгерда Абуховіча. Сваё асьветніцкае мерапрыемства арганізатары назвалі «Дзень ведаў — урок гісторыі».

Алесь Лагвінец не выключае, што жорсткія пакараньні за несанкцыянаваныя ўладамі мерапрыемствы зьвязаныя з акцыяй апазыцыі «Марш абураных беларусаў 2.0», прызначанай на 21 кастрычніка ў Менску. Паводле палітыка, рэпрэсіямі супроць актывістаў улады спрабуюць спыніць падрыхтоўку да маршу і запалохаць верагодных удзельнікаў акцыі.

Напярэдадні больш за 15 актывістаў былі пакараныя арыштам і штрафамі за ўдзел у мітынгу і шэсьці супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017», якія адбыліся 8 верасьня. Сярод іх Павал Севярынец, які адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Вячаслаў Сіўчык ды іншыя.

16 кастрычніка Маскоўскі раённы суд Менску аштрафаваў актывістаў Кацярыну Шуст і Дзяніса Мандзіка.

Актывісты былі прызнаныя вінаватымі ў правядзеньні несанкцыянавага мерапрыемства. 25 жніўня, у гадавіну абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі, яны раздавалі мінакам у Менску стужачкі зь беларускім нацыянальным арнамэнтам і наведалі магілы дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня.

16 кастрычніка ў Слуцку аштрафавалі на 20 базавых велічынь мясцовую актывістку Аліну Нагорную, якая разам з Алесем Лагвінцом і Алесем Пушкіным 1 верасьня брала ўдзел у мерапрыемстве «Дзень ведаў — урок гісторыі».

18 кастрычніка ў Маскоўскім раённым судзе Менску за раздачу 25 жніўня стужак з нацыянальным арнамэнтам судзяць актывіста Моладзі БНФ Ягора Сергіенку.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.