Міністар абароны Беларусі звольніў з шэрагаў Узброеных сілаў камандзіра вайсковай часткі 43 064 — начальніка школы ў Печах, дзе праходзіў службу 21-гадовы салдат Аляксандар Коржыч, які трагічна загінуў на пачатку кастрычніка. Падстава: «за непрыняцьце мераў па прадухіленьні гібелі асабістага склада, падтрыманьні ўнутранага парадку». Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Адбылося гэта падчас праверкі Міністэрствам абароны стану правапарадку ў 72 аб’яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў.
У паведамленьні Мінабароны не фігуруе прозьвішча звольненага афіцэра. Аднак вядома, што 3-ю гвардзейскую школу падрыхтоўкі спэцыялістаў танкавых і артылерыйскіх падразьдзяленьняў 72-га гвардзейскага Аб'яднанага вучэбнага цэнтру ўзначальваў падпалкоўнік Аляксандар Чарноў.
Раней ваеннае ведамства паведамляла пра адхіленьне ад пасадаў шэрагу службовых асобаў вучэбнага цэнтру і звальненьне з шэрагаў Узброеных сілаў чацьвярых вайскоўцаў па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча. Сёньня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб крымінальных справах, распачатых у дачыненьні да 10 вайскоўцаў, у тым ліку двух афіцэраў.
«Праверка працягваецца. Абавязкова будзе забясьпечана ня толькі няўхільнасьць пакараньня ў адпаведнасьці з заканадаўствам вінаватых асобаў за зьдзяйсьненьне правапарушэньняў, але і службовых асобаў — за непрыняцьце мераў па падтрыманьні дысцыпліны», — паведамляе Міністэрства абароны.
21-гадовы Аляксандар Коржыч, які праходзіў тэрміновую службу, быў знойдзены павешаным 3 кастрычніка ў склепе мэдычнай роты ў Печах.
Затрыманым па справе Коржыча пагражае да 12 гадоў турмы. Арыштаваныя двое афіцэраў
Справа Коржыча: як разьвіваюцца падзеі
3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.
13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.
Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.
Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».
Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.
14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў:
«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
***