Затрыманым па справе Коржыча пагражае да 12 гадоў турмы. Арыштаваныя двое афіцэраў

Сьледчы камітэт Беларусі

Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў па справе аб сьмерці 21-гадовага салдата Аляксандра Коржыча. Як паведамляецца на сайце СК, «у ходзе ўстанаўленьня акалічнасьцяў гібелі атрыманая інфармацыя аб учыненьні шэрагу вайсковых злачынстваў».

Сьледзтва вядзецца па артыкулах 443 («Парушэньне статутных правілаў узаемаадносін...»), 455 («Злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады альбо бязьдзейнасьць улады»), 209 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь» («Махлярства»). Падазраваным пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле СК, крымінальна-прававая ацэнка будзе дадзеная, сярод іншага, бязьдзейнасьці камандзіраў, іншых кіраўнікоў навучальнага цэнтру і вайсковай часткі, які ўваходзіць у яго склад.

На дадзены момант у ліку падазраваных — 7 малодшых камандзіраў (сяржанты), а таксама старшына роты. Да ўсіх ужытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, рыхтуюцца матэрыялы для прадʼяўленьня ім абвінавачаньня.

Пяць сяржантаў затрыманыя 13 і 14 кастрычніка па падазрэньні ва ўжываньні фізычнага гвалту ў дачыненьні да падначаленых курсантаў і сыстэматычным атрымліваньні ад іх цыгарэтаў і прадуктаў харчаваньня. Іх дзеяньні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам або ўчыненае з прымяненьнем зброі»).

Аляксандар Коржыч. Архіўнае фота

Гэтыя крымінальныя справы прынятыя для расьсьледаваньня галоўным сьледчым упраўленьнем цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту.

Цяпер у мэтах устанаўленьня акалічнасьцяў гібелі шарагоўца Аляксандра Коржыча сьледчыя праводзяць допыты, вочныя стаўкі, чакаюцца вынікі шэрагу экспэртных дасьледаваньняў, — паведамляе Сьледчы камітэт.

Затрымалі і двух афіцэраў

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне СК паведаміла пра затрыманьне па справе аб гібелі радавога ў Печах двух афіцэраў, якія абвінавачваюцца «ў бязьдзейнасьці». Яны ўзятыя пад варту.

Супраць афіцэраў распачатыя крымінальныя справы па частцы 3 артыкула 455 («Бязьдзейнасьць улады, якая пацягнула за сабой цяжкія наступствы») Крымінальнага кодэксу Беларусі. Яны далучаныя да асноўнай справы аб гібелі Аляксандра Коржыча ў Печах.

Салдаты ў Печах

Паводле сьледзтва, камандзір роты, старшы лейтэнант, 1994 году нараджэньня, і яго намесьнік, капітан, 1989 году нараджэньня, пэўна ведаючы аб зьдзяйсьненьні прапаршчыкам злачынства ў дачыненьні да Аляксандра Коржыча, «наўмысна бязьдзейнічалі дзеля стварэньня бачнасьці дабрабыту ў падразьдзяленьні перад вышэйшым камандаваньнем».

«Афіцэры не жадалі прымаць меры па падтрыманьні ўнутранага парадку з мэтай мінімізацыі сваёй службовай нагрузкі», — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту.

Пасьля таго як Коржыч прыбыў з мэдычнай роты, 23-гадовы камандзір роты не цікавіўся, дзе фактычна знаходзіцца радавы. Хоць адпаведна з артыкулам 131-м Статуту ўнутранай службы Ўзброеных сіл камандзір роты абавязаны, сярод іншага, весьці ўлік асабовага складу роты і падтрымліваць вайсковую дысцыпліну.

Згодна з артыкулам 133-м Статуту намесьнік камандзіра роты па ідэалягічнай працы быў абавязаны прымаць эфэктыўныя меры па папярэджаньні правапарушэньняў, а таксама адказваў за маральна-псыхалягічны стан асабовага складу, адзначаецца ў паведамленьні СК.

Як разьвіваюцца падзеі

На магіле Аляксандра Коржыча

​Трэцяга кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.

Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».

Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў:

«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».

Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.