Жордзі Санчэс і Жордзі Кушарт, якія ўзначальваюць уплывовыя незалежніцкія арганізацыі, затрыманыя паводле абвінавачаньня ў закліках да бунту.
Абодва яны былі вядучымі фігурамі падчас каталёнскага рэфэрэндуму аб незалежнасьці 1 кастрычніка, які Мадрыд прызнаў незаконным.
Іх затрыманьне ўжо выклікала масавыя пратэсты, якія працягваюцца па ўсёй Каталёніі ў аўторак.
Жордзі Санчэс, кіраўнік пранезалежніцкай Каталёнскай нацыянальнай асамблеі, і Жордзі Кушарт, лідэр арганізацыі Omnium Cultural, паўсталі перад судом у Мадрыдзе ў панядзелак.
Сьледзтва вывучае іх ролю ў пратэстах 20 верасьня, калі натоўп заблякаваў байцоў Цывільнай гвардыі ў іх будынку ў Барсэлёне.
Пасьля рэфэрэндуму каталёнскі лідэр Карлэс Пудждэмон падпісаў абвяшчэньне незалежнасьці, але адклаў яго дзеяньне, каб пакінуць магчымасьць для перамоваў.
***