Ёсьць такая штогадовая літаратурная імпрэза на Беласточчыне – Бязьмежжа. Калі сустракаюцца беларускія пісьменьнікі зь Беларусі і Польшчы ды распавядаюць адны адным, што яны зрабілі за год. Прыгожая назва глыбока сымбалічная. Адна літаратура, адна нацыя, адзін край – у духоўным сэнсе.
Бязьмежжа – гэта калі краявід патанае ў тумане і зьліваецца зь небам.
Бязьмежжа пачуцьцяў можа перапаўняць душу закаханага чалавека.
Увогуле мяжа ў беларускай галаве – зусім ня тое, што «предел». Мяжа, вядома, падзяляе, але падзяляе роўныя субстанцыі: суседзкія дзялкі, два раёны, дзьве краіны. «Предел» – гэта тое, за чым нічога няма, не павінна быць. Ліміт.
«Статкевіч рыхтуе “Марш абураных беларусаў” супраць бязьмежжа ў войску». Маецца на ўвазе – супраць таго, каб камандзіры зьдзекваліся з салдат. А як жа літаратурныя сустрэчы? І туман, які зьліваецца зь небам? І каханьне?..
Гаворка ідзе пра парушэньне заканадаўства і прынцыпаў маралі. Каб назваць гэта экспрэсіўна, расейцы прыдумалі «беспредел». Слова, нібыта, і паходзіць з зоны.
Але навошта наша лірычнае бязьмежжа прывязваць да расейскага зэкаўскага жаргону, калі задача – максымальна дакладна назваць зьяву. «Статкевіч рыхтуе “Марш абураных беларусаў” супраць злачынства ў войску». Цяпер ясна, супраць чаго марш.
Пры гэтым у таго, супраць чаго рыхтуе марш Статкевіч, хапае блізказначных назваў: гвалт, бясчынства, прыгнёт, зьдзек, крымінал…
Кантэкст, пра які ідзе гаворка, патрабуе адказнага, а гэта значыць максымальна дакладнага выказваньня. Слова «бязьмежжа», наадварот, размывае аб’ект пратэсту ў мностве сэнсаў і асацыяцыяў.
Можа быць, калі мы перастанем шукаць беларускі адпаведнік расейскаму «беспредел» і пачнем называць рэчы іхнымі наўпроставымі імёнамі, зьнікне з нашага жыцьця і сам гэты «беспредел», прынамсі ягоная зэкаўская афарбоўка.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.