Падрабязнасьці паездкі і расклад абвясьціла прэсавая служба Белага дому.
3 лістапада прэзыдэнт наведае Гаваі, дзе камандаваньне Ціхаакіянскай групоўкі войскаў ЗША паінфармуе яго аб становішчы ў рэгіёне. Ён таксама наведае Пэрл-Харбар і мэмарыял Arizona.
Трамп пачне свой візыт па краінах Азіі ў Японіі 5 лістапада: сустрэнецца з прэмʼер-міністрам Сіндза Абэ, а таксама зь семʼямі японскіх грамадзянаў, выкрадзеных паўночнакарэйскім рэжымам.
Падчас візыту ў Рэспубліку Карэя 7 лістапада амэрыканскі лідэр сустрэнецца з прэзыдэнтам Мун Чжэ Інам і наведае базы амэрыканскіх і паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў. Трамп выступіць у Нацыянальным сходзе, дзе мае намер заклікаць міжнародную супольнасьць абʼяднацца ў максымальным ціску на Паўночную Карэю.
8 лістапада Дональд Трамп прыбудзе ў Пэкін, дзе правядзе перамовы з прэзыдэнтам Сі Цзіньпінам.
10 лістапада прэзыдэнт ЗША адправіцца ў Віетнам. Там ён прыме ўдзел у нарадзе лідэраў краінаў Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЦЭС), а таксама правядзе перамовы з віетнамскім лідэрам Трай Дан Куангам.
На Філіпіны Трамп прыбудзе 12 лістапада, дзе заплянаваныя перамовы з прэзыдэнтам Філіпінаў Радрыга Дутэртэ.