«З гэтымі навінамі сівой станеш» — сваякі і сябры кінуліся наведваць салдат, якія служаць у Печах

З раніцы ў нядзелю 72-гі гвардзейскі Аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў у Барысаве адчыніў дзьверы для сваякоў і сяброў салдат, якія праходзяць тут службу.

Гэта тут, ў трэцяй роце, вучыўся на танкіста радавы Аляксандр Коржыч, які загінуў 3 кастрычніка. Паводле першай афіцыйнай вэрсіі Коржыч скончыў жыцьцё самагубствам, цяпер сьледчыя высьвятляюць, ці не забілі салдата альбо ці не давялі да самагубства.

З раніцы да КПП пацягнулася чарада цывільных з пакункамі і торбамі. Большасьць бацькоў ахвотна дзялілася сваімі настроямі напярэдадні сустрэчы.

«Сёньня магла не прыходзіць, бо часта тут бываю, жыву ў Барысаве. Але сэрца не вытрымала, сын у мяне тут, у мэдчастцы ляжыць, як ляжаў той Саша. Дарэчы, памятаю яго. Як убачыла ў інтэрнэце фотаздымак з могілак, дык узгадала, што, відаць, сустракала. А цяпер з гэтымі навінамі пра яго сівой станеш! Канешне, хвалююся за сына» — казала маці салдата Вікторыя перад спатканьнем.

Ірына

Вікторыя ішла на сустрэчу да сына са сваёй маці Ірынай. Жанчыны сказалі, што з большага паверылі ў зьвесткі пра «дзедаўшчыну», пра крадзеж у салдат грошай і ціск з боку прапаршчыкаў і афіцэраў. Паабяцалі: «Абавязкова ў сына ўсё распытаем, дачакайцеся».

А вось што казалі іншыя наведнікі напярэдадні і пасьля сустрэчы.

Маці салдата Ксенія: «Пра „дзедаўшчыну“ ня ведаю, мой сын ніколі не скардзіўся. Учора на Дзень маці яму далі пазваніць з часткі, дык сказаў, што іх ужо ўсіх папярэдзілі, каб нічога такога не распаўсюджвалі».

Мужчына зь вялікай торбай, зь якой тырчаць бананы: «Такога нічога не казаў. Служыць, як усе».

Вячаслаў

Вячаслаў з Воршы: «Кладзем сыну на картку па 20 рублёў на тыдзень, каб што купіў, падсілкаваўся, на станок для галеньня, каб былі грошы. Спытаю пра дзедаўшчыну, пакуль нічога не паведамляў».

Жанчына: «Пра гэта звычайна маўчыць, нічога ня кажа, калі распытваю. Але цяпер я разумею, чаму маўчыць».

Жанчына: «Ды нічога яны ня кажуць і ня скажуць, хаця ўсе ўсё ведаюць».

Галіна

Галіна наведвае пляменьніка Арцёма, які сам з Берасьця: «Мяне сястра прасіла, каб нічога яму не казала пра гэтае здарэньне, не турбавала. Але мяркую, ён і сам ведае. Факт ёсьць факт, гэта было, такога прыгожага хлопчыка загубілі».

Жыхарка Барысава: «Пляменьнік ніколі на тутэйшыя парадкі не скардзіўся, але аднойчы сказаў гэтак: «Дзяды» ёсьць «дзяды».

Мужчына з Віцебскай вобласьці: «Трэці раз тут ужо. Пра „дзедаўшчыну“ сын не казаў, але ў самога рукі заўсёды пабітыя. Чаму? То кажа, на кулачках адціскаўся, то, што з баксёрскай грушай займаўся. Але нешта тут ня тое, трэба правяраць, вось яшчэ запытаю, што цяпер скажа? А грошай сыну на картку не кладзём, толькі наяўнымі дапамагаем, рублёў па 20 за раз».

Пасьля абеду з КПП пачалі выходзіць тыя, хто ўжо сустрэўся з салдатамі.

Сяргей Рыгоравіч з Віцебскай вобласьці: «Майму Арцёму ўжо за 20, ён і адмахнуцца можа, калі што. Але сказаў, што ў ягоным узводзе „дзедаўшчыны“ няма. Сказаў, што сьледчы са Сьледчага камітэту яго апытваў, там ідзе праверка».

Жанчына сярэдніх гадоў: «Ды я сама 24 гады ў войску праслужыла, якая „дзедаўшчына“? Тут усё нармальна. А што салдат павесіўся, дык усякае бывае. Суд разьбярэцца».

Жанчына з старэйшым сынам: «Пра „дзедаўшчыну“ нічога не казаў. А вы мяркуеце, хто-небудзь раскажа? Мой муж служыў у Эстоніі ў адмысловым батальёне. Там было тое самае — і білі, і забівалі».

Мужчына пасьля сустрэчы з пляменьнікам: «Пра „дзедаўшчыну“ не скажу, маўчыць, а што парадку мала, дык бачна — столькі лісьця на дарожках, а ніхто не прыбірае. Непарадак. Калі я служыў, такога не было».

Бацька салдата: «Запытаў у яго адмыслова, ці што ведае, чаму гэта было? Маўчыць, кажа, што ў іх усё добра. А чаму маўчаць? Не мы такія — жыцьцё такое».

Жонка спыняе мужчыну і цягне прэч ад журналістаў.

Перадача ўнуку

Наведнік «вучэбкі» сталага ўзросту: «Казаў, што іх, шарагоўцаў, гэта ня тычыцца, разборка ідзе сярод афіцэраў. Намесьніка па выхаваўчай працы таксама зьнялі».

Можаце ўявіць: стаім жанчыны з сынамі, а сяржанты ці там прапаршчыкі пры нас гэтак мацюкаюцца!

Вячаслаў з Воршы пасьля сустрэчы з сынам быў больш аптымістычны чым раніцай: «Абстаноўка нібыта нармальная, сын сказаў, што ўсё нармальна. Але як яно на самой справе — хто яго ведае. Зьнешне бачна, што з савецкіх часоў тут нічога не зьмянілася. Тыя ж казармы, тыя ж парадкі. Таму, што там унутры, насамрэч меркаваць цяжка. Сказаў, што ад сёньня ў іх камандуюць новыя камандзіры, але што яны новага прынясуць, незразумела. Нейкай размовы з салдатамі наконт таго, што адбылося, нейкага „разбору“ пакуль не было».

Блізу трэцяй гадзіны на КПП зьявіліся і Вікторыя з Ірынай. Рашуча адмовіліся ад здымак на відэа, але пагаварыць пагадзіліся.

«Ну што, пра „дзедаўшчыну“ сын гэтак нічога і не сказаў. Перапытала адмыслова, але ён маўчыць. Сказаў толькі, што грошай у яго ніхто не забірае. Ён ляжыць у мэдчастцы, ужо выздараўлівае, а як выпішуць, дык хутка перавядуць адсюль. Але бачна, што абстаноўка там — ня вельмі. Можаце ўявіць: стаім жанчыны з сынамі, а сяржанты ці там прапаршчыкі пры нас гэтак мацюкаюцца! Прычым нас ніколькі не саромецца! Заўвагу ім зрабіла, а яны не спыніліся! А вось афіцэры былі — сама ветлівасьць. Праўда, на КПП сумкі ў нас сёньня агледзелі, як ў аэрапорце. Раней такой пільнасьці не было. І шлагбаўмы на дарозе зьявіліся — каб ніхто сюды не пад’ехаў», — распавяла Вікторыя.

Журналістаў разам з бацькамі за КПП 72-ой вучэбкі сёньня не прапускалі і рашуча рэагавалі на спробы нават загаварыць.

«Прыйдзеце вось туды і там чакайце сваякоў», — жорстка спыняў размовы лейтэнант. У выніку ўсе кантакты журналістаў з наведнікамі «вучэбкі» адбываліся на дарозе перад КПП пад пільным кантролем чатырох чалавекі ў цывільным. Адзін з іх назваўся мясцовым міліцыянтам і праверыў у журналістаў дакумэнты, але працы не перашкаджаў.