Па папярэдніх дадзеных, у яго 54 адсоткі галасоў. На другім месцы апазыцыянэр Амурбек Бабанаў — у яго 33 адсоткі.
Яўка на выбарах у Кіргізстане склала 54 адсоткі. За галасаваньнем сачылі больш за 700 міжнародных назіральнікаў. Афіцыйныя ўлады заяўляюць, што сурʼёзных парушэньняў не было. Аднак, па словах незалежных назіральнікаў і журналістаў, на некаторых участках парушэньні ўсё ж былі.
Цяперашні прэзыдэнт Алмазбек Атамбаеў павінен пакінуць кабінэт пасьля шасьці гадоў кіраваньня. Паводле канстытуцыі, ён можа займаць пасаду толькі адзін тэрмін.
Your browser doesn’t support HTML5
Гэта першыя выбары ў Кіргізстане, па выніках якіх чакаецца мірная перадача ўлады. У Кіргізстане ўжо двойчы былі рэвалюцыі, якія прыводзілі да зьвяржэньня прэзыдэнта. У абодвух выпадках беспарадкам спрыялі падазрэньні ў фальсыфікацыі выбараў.
У красавіку 2005 году ў выніку народнага пратэсту «цюльпанавай рэвалюцыі», прэзыдэнт Аскар Акаеў склаў зь сябе паўнамоцтвы, парлямэнт дэ-юрэ прыняў адстаўку. Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Каля 12 гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю.
Пасьля «цюльпанавай рэвалюцыі» прэзыдэнтам стаў Курманбек Бакіеў. Пасьля закалотаў у 2010 годзе апазыцыя адхіліла яго ад улады. Разам зь сямʼёй прыбыў у Менск на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер ён грамадзянін Беларусі і лічыць немагчымай сваю экстрадыцыю ў Бішкек.
Your browser doesn’t support HTML5
Пасьля ўцёкаў Бакіева спэцыяльным дэкрэтам часовага ўраду Роза Атунбаева была абвешчаная прэзыдэнтам Кіргізстану пераходнага пэрыяду.
Першая жанчына-прэзыдэнт у гэтай краіне займала гэтую пасаду да ўступленьня на пасаду Алмазбека Атамбаева 1 сьнежня 2011 году.