Як кайзэраўскія салдаты малявалі Беларусь і беларусаў

Герман Штрук. Гандлёвая плошча ў Лідзе. 1915 год. Архіў В. Багданава

Беларус на печы ў цеснай хаце, дзе побач зь людзьмі ратуецца ад маразоў свойская жывёла. Барадатыя палешукі сустрэліся пагаманіць пад страхой, на якой дасьпяваюць гарбузы. Старая жанчына нясе вёдры з вадой па размоклай дарозе ў Ашмянах. Нітка каналу Агінскага з ацалелай лодачкай. Яшчэ жывы касьцёл пінскага калегіюму. Птушкі над рэшткамі вежаў Наваградзкага замку. Амаль дашчэнту разьбіты снарадамі касьцёл у Смаргоні.

Баранавічы, вакзал. 1916 год. Архіў В. Багданава

Гэтым малюнкам, літаграфіям і гравюрам акурат 100 гадоў. Іх зрабілі і адправілі дадому ў лістах ці з багажом па вяртаньні з фронту германскія вайскоўцы, якія ваявалі на тэрыторыі Беларусі ў 1915–1918 гадах. Каля 200 візуальных экспанатаў сабраў журналіст і дасьледчык гісторыі Першай усясьветнай вайны Ўладзімер Багданаў.

Герман Штрук. Касьцёл у Горадні. 1915 год. Архіў В. Багданава

​Уладзімер Багданаў расказаў, як нарадзілася ідэя выставы.

«Больш я займаюся зьбіраньнем фатаздымкаў часоў Першай усясьветнай вайны, чым малюнкаў. Выкупляю на аўкцыёнах праз інтэрнэт — такіх альбомаў вэтэранаў прапануецца шмат.

Царква ў Вішнева. Мастак Fritz Maurischat. 1916 год. Архіў В. Багданава

Але часам сярод фатаздымкаў трапляліся і малюнкі, гравюры, літаграфіі, проста замалёўкі на паштоўках. Яны трапляліся, а потым набралася нейкая крытычная маса, пасьля якой я пачаў іх зьбіраць мэтанакіравана, каб скласьці пэўную падборку пра Беларусь вачыма людзей з другога боку лініі фронту.

Наваградак. Руіны замку. Малюнак C.Frante. 06.04.1918. Архіў В. Багданава

Атрымаўся нібыта такі пленэр мастакоў, якія ваявалі і адначасова малявалі тое, што было вакол. Некаторыя малявалі на заданьне, як прапаганду, бо ў немцаў дзейнічалі адмысловыя прапагандысцкія аддзелы. Але большасьць проста жылі тут у зямлянках 2,5 года ды малявалі тое, што цікавіла.

І бачна, што іх цікавіла ня толькі вайна. Побыт. Помнікі гісторыі. Людзі. Прырода Беларусі. Гэта атрымалася новая для мяне карціна Беларусі, даволі нечаканая.

Пінск. Від на горад з боку балот. 1915. Архіў В. Багданава

Калі гаворка пра малюнкі на поўдні, на Палесьсі, дык Беларусь выглядае вельмі патрыярхальна, нават архаічна. На поўначы — амаль эўрапейская краіна. Але, як відаць з малюнкаў, і вайна там іншая, больш жорсткая.

Смаргонь. Касьцёл. Архіў В. Багданава

На поўдні вайна ў малюнках амаль не прысутнічае, бо фронт там стабілізаваўся, у балотах асабліва не паваюеш. А на поўначы жорсткія баі ішлі яшчэ і ў 1917 годзе, там шмат разбурэньняў, і як вынік — лубочных малюнкаў адтуль амаль няма.

Сялянскі дом пад Гародняй. 1915 год. Архіў В. Багданава

Ля Ясельды пал Пінскам. Архіў В. Багданава

Між тым у малюнках нямецкіх мастакоў мяне больш цікавіла менавіта не вайна, а людзі тых часоў, іх побыт, іх жыцьцё сярод вайны, замаляванае ворагамі, якія таксама былі людзьмі».

Паводле Ўладзімера Багданава, некаторыя малюнкі, якія прадстаўленыя на выставе, зробленыя даволі вядомымі мастакамі. Сярод іх Герман Штук, які даваў урокі графікі Марку Шагалу, ці Фрыц Маўрышат, які пазьней атрымаў «Оскара» як мастак-пастаноўшчык галівудзкага фільму. Але большасьць работ зробленая безыменнымі мастакамі, часта непрафэсіяналамі, якіх 100 год таму зацікавіла Беларусь.

Від на Агінскі канал. 1916 год. Архіў В. Багданава