У Менску АМАП уварваўся на канцэрт. Затрыманыя каля 40 чалавек

Фота Ірыны Арахоўскай.

14 кастрычніка каля 18.00 у прастору «210 METROV» уварваліся супрацоўнікі АМАП.

У гэты момант у памяшканьні праходзіў канцэрт «Minsk edge day 2017». Каля 100 чалавек, якія на той момант прысутнічалі ў залі, пасадзілі ў аўтобусы у павезьлі ў РУУС Партызанскага раёну. Пра затрыманьні паведаміў праваабарончы цэнтр "Вясна".

У ліку затрыманых актывіст Вячаслаў Касінераў, мастак Максім Пякарскі.

Максім Пякарскі пасьпеў паведаміць праваабарончаму цэнтру «Вясна», што ў адным з аўтобусаў яго і яшчэ каля 20 чалавек паклалі на падлогу і зьбіваюць.

Журналістка Ірына Арахоўская была на канцэрце як наведніца. Яна распавяла Радыё Свабода, што інфармацыя пра яго распаўсюджвалася ў сацсетках у адкрытым доступе.

«Перад канцэртам я ўжо заўважыла бусы зь людзьмі ў масках і таксама пабачыла там людзей, якія звычайна ахоўваюць на акцыях у пінжаках. Я ўжо зразумела, што штосьці будзе», - кажа Ірына.

Ірына распавяла, што спэцназ уварваўся ў памяшканьне на самым пачатку канцэрта праз «чорны ўваход».

«Пачалі крычаць, усіх класьці на падлогу тварам уніз. Тых, хто быў бліжэй да дзьвярэй, білі нагамі. Я таксама там была. Кагосьці моцна зьбівалі. Я дык не зразумела, як трэба легчы. Прысела спачатку з тэлефонам, ён у мяне стаў выбіваць тэлефон, крычаць „пакладзіся нармальна“. А я не разумела, як „нармальна“, таму можа мне і дасталося».

Пасьля гэтага, кажа журналістка, людзей паўтары гадзіны пратрымалі «на расьцяжцы» — тварам да сьцяны з узьнятымі рукамі і шырока расстаўленымі нагамі.

«Паставілі на расьцяжку, пачалі апытваць: імя, прозьвішча, дата народзінаў, месца народзінаў. Калі яны кагосьці пазнавалі, напрыклад, Макса Пякарскага і Вячку Касінерава, то іх выводзілі. Вывелі тых, хто не зь Беларусі. Пасьля агледзелі майкі і татуяваньні, і кагосьці з патрэбных ім людзей таксама павыводзілі. Гэтыя 40 чалавек былі ў РУУС, а астатніх 57 адпусьцілі».

Ірына Арахоўская паведаміла, што каля 22.00 гадзіны частку затрыманых з Партызанскага РУУС вывезьлі на аўтобусе. Сярод іх Максім Пякарскі. Частка затрыманых яшчэ ў РУУС.

Пазьней Ірына Арахоўская паведаміла, што а 22-й гадзіне з РУУС вызвалілі ўсіх затрыманых, у тым ліку грамадзянаў РФ.

На пытаньне пра магчымыя прычыны затрыманьня ўдзельнікаў канцэрту Ірына Арахоўская адказала, што гэта можа быць запалохваньне перад акцыяй 21 кастрычніка, якую арганізоўвае Мікола Статкевіч.