«Я б не хацеў, каб праз 15 гадоў Эўразьвяз складаўся з прыкладна 90 дзяржаваў», — заявіў Юнкер ў пятніцу падчас выступу ва ўнівэрсытэце Люксэмбургу. Паводле яго, кіраваць ЭЗ у такім выглядзе будзе нашмат больш складана.
Рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі адбыўся 1 кастрычніка. За выхад рэгіёну са складу Гішпаніі выказаліся больш за 90 працэнтаў тых, хто узяў удзел у галасаваньні. Яўка, паводле дадзеных саміх каталёнскіх уладаў, склала 43 адсоткі ад агульнага ліку выбарнікаў.
Мадрыд абвясьціў галасаваньне незаконным. Такога самага меркаваньня прытрымліваюцца ў Эўракамісіі. Супраць аднабаковага абвяшчэньня незалежнасьці Каталёніі выступілі таксама Францыя, Нямеччына і Італія.
Рэфэрэндум крытыкуюць за тое, што яго праводзілі без выкананьня неабходных нормаў, а ў самой Каталёніі праходзіла толькі агітацыя за незалежнасьць і зусім не было кампаніі ў падтрымку адзінства Гішпаніі. Аднак пасьля рэфэрэндуму ў рэгіёне прайшлі шматтысячныя мітынгі як прыхільнікаў, так і праціўнікаў незалежнасьці.