Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая на сваёй старонцы ў фэйсбуку заклікала ўсіх падпісаць пэтыцыю з патрабаваньнем адстаўкі міністра абароны.
«Нестатутныя ўзаемаадносіны ў войску забіваюць нашых дзяцей. Я выказваю глыбокія спачуваньні сям’і Аляксандра Коржыча і заклікаю ўсіх падпісаць пэтыцыю з патрабаваньнем адстаўкі міністра абароны. Падчас справаздачы ўраду перад парлямэнтам я як маці задам пытаньне міністру пра бязьмежжа ў нашым войску. Маё меркаваньне адназначнае — пакуль беларуская армія ня будзе скарочана і пераведзена на прафэсійную аснову, такія страшныя трагедыі могуць паўтарыцца», — лічыць дэпутатка.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў карэспандэнту Свабоды, што накіраваў запыт на імя старшыні камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Валянціна Міхневіча з прапановай неадкладна правесьці адкрытыя парлямэнцкія слуханьні па факце сьмерці салдат у Печах.
«Калі ня ўся краіна, то велізарная колькасьць людзей у шоку ад трагедыі (і ня першай), якая здарылася ў Печах. Пакуль у сацыяльных сетках і прэсе абмяркоўваюць нарыў, які выявіла сьмерць Аляксандра Коржыча, чыноўнікі дружна зашыліся ў норах, вывесіўшы на ўваходзе таблічку «Ідзе сьледзтва», — напісаў палітык у фэйсбуку.
Збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнанта Андрэя Раўкова ў сувязі са сьмерцю салдата працягваецца на сайце Zvarot.by. На 18.30 12 кастрычніка падпісаліся 5284 чалавек.