«У прысутнасьці камандзіра называў прозьвішчы „дзядоў“», — родныя знойдзеных павешанымі салдат расказваюць пра расьсьледаваньне іх гібелі

Зьвесткі пра некаторыя выпадкі самагубства сярод вайскоўцаў трапляюць у СМІ. Пры гэтым вайсковая частка ў Печах фігуруе ў зводках рэгулярна і нашмат часьцей, чым іншыя.

3 кастрычніка ў Печах пад Барысавам было знойдзена цела Аляксандра Коржыча. Паводле афіцыйнай вэрсіі, 21-гадовы жыхар Пінску павесіўся ў падвале мэдыцынскай часткі. Ягоныя родныя ня вераць у самагубства, Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу. Свабода знайшла родных іншых вайскоўцаў, якія трагічна загінулі ў Барысаве ў розныя гады.

2005 год, Максім Кажэка. Знойдзены павешаным у лесе побач са сваёй вайсковай часткай.

Максім пайшоў у армію адразу пасьля школы, дома засталіся бацькі і малодшая сястра. Вучэбку праходзіў у Печах пад Барысавам. «Мне было 15 гадоў тады. У асноўным маці займалася пытаньнямі, зьвязанымі са сьмерцю Максіма. Вельмі цяжка мы перажывалі гэтую сытуацыю, — расказвае сястра Аксана. — Тады, у 2005 годзе, нам спачатку пазванілі з часткі і сказалі, што ён уцёк у самаволку. Яго шукалі, да нас у Мёры прыяжджалі вайскоўцы з Барысава, міліцыя. Казалі, што ён дадому ўцёк. Але праз суткі пазванілі і паведамілі, што знайшлі мёртвым. Сказалі, ці то забіты, ці то сам павесіўся».

Аксана расказвае, што па факце сьмерці брата была заведзеная крымінальная справа. Першапачаткова яе вялі ў Барысаве, затым перадалі ў Менск. Аднак ніхто зь сям’і Максіма Кажэкі ў сталіцу ня езьдзіў і са сьледчымі не сустракаўся. «Яны званілі нам з прапановай прыехаць у частку і забраць рэчы брата. Яшчэ хацелі паказаць фотаздымкі, зробленыя на месцы сьмерці. Там, дзе знайшлі цела, як ён выглядаў. Але мама не рашылася паехаць, ваенкам з Мёраў паехаў і прывёз нам рэчы Максіма», — расказвае Аксана.

Урывак ліста Максіма Кажэкі, у якім ён просіць выслаць яму грошы

Чым скончылася справа, родныя Максіма Кажэкі ня ведаюць. Копій дакумэнтаў зь яе альбо пастановы аб закрыцьці ім таксама не дасылалі. Са словаў родных, справу аб сьмерці Кажэкі разглядалі прыкладна год. Рэчы брата, якія па ёй праходзілі, доўга не аддавалі. Некаторыя сшыткі з асабістымі запісамі салдата вярнулі з вырванымі лістамі. «Сшытак вярнулі тонкі, палова лістоў была вырваная. Засталося толькі тое, што вучобы датычыла... Зрабілі як самагубства. У пасьведчаньні аб сьмерці таксама напісана, што самагубства. На гэтым і ўсё», — кажа Аксана.

Яна прызнаецца, што ў сям’і ўсе гэтыя гады сумняваюцца ў праўдзівасьці вэрсіі аб самагубстве. «Мы ж езьдзілі да яго, лісты захаваліся. Ён нас вельмі чакаў на 9 траўня (Максім Кажэка загінуў каля 10 красавіка. — РС). Хацеў далей пайсьці вучыцца. А потым да нас прыехалі і... І ўсё. Потым вайскоўцы нам расказвалі, што Максім напісаў траюраднаму брату ліст, прасіў, каб той яму грошы выслаў. Але чаму так? Пагадзіцеся, што ён бы ў бацькоў папрасіў у першую чаргу», — гаворыць Аксана Кажэка.

2016 год, Павел Старанкоў. Знойдзены павешаным у лесе пад Барысавам праз тры месяцы пасьля сьмерці.

«Мы напісалі ў пракуратуру пра тое, што ня згодныя з тым, як была праведзеная праверка па факце сьмерці сына», — расказвае маці Паўла Старанкова Валянціна.

Павел пайшоў у войска пасьля школы. На момант сьмерці яму было толькі 19. У лістападзе 2016 году ён зьнік з тэрыторыі вайсковай часткі № 44540. Старанкова шукалі вайскоўцы, міліцыя і валянтэры з пошукавага атраду «Анёл». Знайшлі толькі 10 лютага 2017-га павешаным недалёка ад часткі. Пачалася праверка. У траўні бацькам паведамілі, што прычын для завядзеньня крымінальнай справы няма.

Павел Старанкоў

​​

«Павел быў дысцыплінаваным хлопцам, паслухмяным. Ён ніколі не прагульваў урокаў, не прапускаў. Як ён мог уцячы з часткі? Уначы, у лістападзе? — працягвае Валянціна Старанкова. — 280 кілямэтраў да дому, куды ён мог уцячы?».

Маці расказвае, што разам з мужам езьдзіла на прыём у Міністэрства абароны, размаўлялі са сьледчымі. «У чэрвені нам звычайным лістом па пошце даслалі паведамленьне, што праверка завершаная. Тут усе абурыліся, як можна такія рэчы праз пошту паведамляць? Ліст і ўсё. Прычым толькі пасьля таго, як я сама пачала званіць і пытацца, чым скончылася праверка. А ў лісьце коратка «У завядзеньні крымінальнай справы адмоўлена», — расказвае Валянціна Старанкова.

Цяпер сям’я Старанковых чакае адказу з раённай пракуратуры Барысава. Там абяцалі праверыць правамоцнасьць адмовы ў завядзеньні справы па факце сьмерці 19-гадовага Паўла.

«Кажуць, што справу перадалі на дасьледаваньне. Але больш з намі ніхто не зьвязваўся. Нехта ж павінен адказаць за сьмерць сына, як так можна? Ён жа ня сам туды пайшоў. Як быццам мы самі хацелі, каб ён у армію пайшоў, — расказвае Валянціна Старанкова. — Мы пасьля яго зьнікненьня езьдзілі ў частку, муж хацеў пагаварыць з саслужыўцамі. Павел служыў разам з аднаклясьнікам, той пайшоў у войска на паўгода раней, Саша яго завуць. Але што ён нам скажа, калі яшчэ паўгода служыць заставалася. Сказаў, што стаяў у нарадзе, нічога не ведае. Паціскаў плячыма і ўсё».

Маці загінулага Паўла Старанкова гаворыць, што ў апошнія дні перад зьнікненьнем сын быў нечым засмучаны, скардзіўся на здароўе. Апошні раз са сьледчымі сям’я Старанковых размаўляла ў жніўні, ужо пасьля ліста ў пракуратуру. «Прыяжджалі да нас, размаўлялі з мужам. Нефармальна. Сказалі, што мала доказаў, што час не на нашу карысьць дзейнічае... Адправілі сына на дзяржаўную службу. Павінна ж неяк там маладое жыцьцё цаніцца? Мы з мужам моцна здалі пасьля ўсяго гэтага. Павел быў адзіным сынам. Вайскоўцы на ўсе нашы пытаньні вочы адводзяць, плячамі паціскаюць», — расказвае Валянціна.

2017 год, Арцём Басьцюк. Знойдзены павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі ў Барысаве.

Арцём пайшоў у войска ва ўзросьце 25 гадоў, ужо маючы вышэйшую адукацыю. Павінен быў адслужыць адзін год. Аднак праз шэсьць месяцаў яго знайшлі мёртвым.

Сьмерці Арцёма папярэднічалі неаднаразовыя размовы з бацькамі пра дзедаўшчыну ў частцы. Яго родныя нават прыяжджалі на сустрэчу з камандзерам. На яе выклікалі і самога Арцёма. У прысутнасьці бацькоў ён называў імёны і прозьвішчы тых, хто патрабаваў ад яго грошы, аказваў псыхалягічны ціск.

«Сын расказваў, што „дзяды“ прымушалі маладых цалкам іх забясьпечваць: купляць каву, цукар, цыгарэты. Самі грошы ў рукі ня бралі, але каманды аддавалі, — расказвала журналістам маці Арцёма Басьцюка Тацьцяна празь некалькі дзён пасьля гібелі сына. — Не дазвалялі спаць, прымушалі сядзець ці стаяць каля ложка, а калі нехта засьне, падыходзілі і перакульвалі ложак разам з салдатам. Ці раптам ноччу камусьці захацелася шакаляду, дык трэба прынесьці, калі адмаўляесься — адціскацца 100, 200, 400 разоў. Калі мы гэта даведаліся, зьвязаліся з камандзерам часткі, ён прапанаваў прыехаць. Гэта было за тры тыдні да гібелі сына. Нас выслухалі, спачатку не паверылі, а потым паабяцалі разабрацца».

Ілюстратыўнае фота.

За дзень да сьмерці Арцём Басьцюк патэлефанаваў бацькам, папрасіў у іх прабачэньня і разьвітаўся. Усхваляваныя родныя адразу ж зьвязаліся з кіраўніцтвам вайсковай часткі, расказалі аб тэлефанаваньні. У адказ пачулі, што ўсё будзе добра.

Пасьля сьмерці Басьцюка Сьледчы камітэт пачаў дасьледчую праверку па факце сьмерці вайскоўца, затым была заведзеная крымінальная справа. Расьсьледаваньне працягваецца дагэтуль, падрабязнасьці родныя Арцёма журналістам не расказваюць.

«Пакуль мы нічога не гаворым. Адвакат параіў нам не распаўсюджваць інфармацыі. Але як толькі будзе магчыма, я абавязкова ўсё раскажу», — гаворыць маці Арцёма Басьцюка. Вядома толькі, што сьледчыя правялі некалькі экспэртызаў, іх вынікі не раскрываюцца.