У Парыжы да 2030 году застануцца толькі электрамабілі

Парыжская гарадзкая рада у чацьвер прыняла рашэньне, згодна зь якім ад 2030 году ў горадзе можна будзе перасоўвацца толькі на электрамабілях. Усе бэнзінавыя і дызэльныя рухавікі будуць пад забаронай.

Паводле чыноўнікаў, уся Францыя таксама да 2040 года плянуе перайсьці на экалягічна чыстыя аўтамабілі. Але спачатку такі пераход трэба зрабіць у буйных гарадах, якія сёньня зьяўляюцца і самымі забруджанымі.

«Гэта доўгатэрміновы плян і стратэгія, якая паменшыць выкіды, якія правакуюць «парніковы эфэкт», — заявіў радыёстанцыі France Info афіцыйны прадстаўнік па транспартнай палітыцы пры мэры Парыжу Крыстоф Найдоўскі.

Сёньня на 66 мільёнаў жыхароў Францыі прыпадае каля 32 мільёнаў аўтамабіляў. Але большасьць парыжан пры гэтым абыходзяцца без машын і аддаюць перавагу грамадзкаму транспарту, роварам і скутэрамі. У апошнія гады ў Парыжы таксама набірае папулярнасьць кароткатэрміновая арэнда аўтамабіляў.

У той жа час многія жыхары францускай правінцыі не гатовыя адмовіцца ад машын і крытыкуюць парыскія ўлады за тое, што яны ў апошнія гады забаранілі ўезд у горад на аўтамабілях, старэйшых за 20 гадоў, а таксама пашырылі ў горадзе зоны, куды ўезд на аўтамабілях наогул забаронены, і рэгулярна праводзяць «дні без аўтамабіляў».