«Антывірус Касьперскага» шукаў сакрэтныя дакумэнты ЗША, — The Wall Street Journal 

У «Антывірус Касьперскага» дадалі функцыю пошуку сакрэтных дакумэнтаў па распараджэньні расейскіх уладаў, паведамляе газэта The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы сярод амэрыканскіх чыноўнікаў.

Паводле выданьня, праграма шукала на кампутарах файлы са словамі «цалкам сакрэтна» і кодавымі назвамі дзяржаўных праграм Злучаных Штатаў. На думку суразмоўцаў выданьня, зьмены ў антывірус маглі ўнесьці толькі з ведама «Лябараторыі Касьперскага».

Да такіх высноў прыйшлі экспэрты, якія вывучалі праграму некалькі месяцаў. Як піша The Wall Street Journal, спэцслужбы ЗША правялі сэрыю экспэрымэнтаў, у ходзе якіх «Антывірус Касьперскага» зрэагаваў на падробленую «сакрэтную інфармацыю» на кампутарах.

11 кастрычніка газэта The New York Times паведаміла, што аб выкарыстаньні антывірусу для ўзлому кампутараў у ЗША два гады таму папярэдзілі ізраільскія спэцслужбы. Раней амэрыканскія СМІ паведамлялі, што расейскія хакеры з дапамогай «Антывірусу Касьперскага» скралі сакрэтныя дакумэнты з пэрсанальнага кампутара супрацоўніка Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША. «Лябараторыя Касьперскага» супрацоўніцтва са спэцслужбамі адмаўляе.