Першы ў гісторыі Беларусі прысуд за матчы паводле дамоўленасьці — штрафы і да трох гадоў «хіміі»

Архіўнае фота з судовага працэсу. У залі суду 25 верасьня 2017 году

Першамайскі раённы суд Менску вынес вырак у гучным працэсе аб дамоўленых матчах у прафэсійным футболе, які ўпершыню праходзіў у беларускім судзе.

Усяго на лаве падсудных апынуліся 15 чалавек, зь іх 14 прафэсійных беларускіх футбалістаў і трэнэраў, а таксама грамадзянін Украіны, які, паводле сьледзтва, рабіў стаўкі ў букмэйкерскіх канторах на дамоўленыя матчы. 12 кастрычніка суд прызнаў усіх 15 абвінавачаных у справе вінаватымі паводле 1 часткі 253 артыкулу Крымінальнага кодэксу — гэта подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафэсійных спартовых спаборніцтваў. Частка абвінавачаных былі прызнаныя і ў паўторным учыненьні гэтага злачынства.

У выніку найбольшае пакараньне — 3 гады абмежаваньня волі, так званай «хіміі», — атрымалі былыя футбалісты клюбаў першай футбольнай лігі Беларусі Вячаслаў Замара і Юры Сыраквашка. Замара быў адзіным з падсудных, хто не пагадзіўся з часткай выстаўленых яму абвінавачаньняў. Сыраквашка, паводле матэрыялаў справы, выконваў ролю непасрэднага арганізатара часткі дамоўленых матчаў. Ім, а таксама трэнэру з Маладэчна Ўладзімеру Макоўскаму цягам 5 гадоў забаронена ўдзельнічаць у спартовых спаборніцтвах.

Астатнія 13 падсудных, у тым ліку грамадзянін Украіны Яраслаў Лемык і грамадзянін Расеі Ільля Гаўрылаў, атрымалі штрафы ад 4 тысяч да 400 базавых велічынь (ад 92 000 да 9200 рублёў).

Паводле сьледзтва, велічыня ставак на дамоўленыя матчы беларускага футболу ў букмэйкерскіх канторах Эўропы і Азіі вымяралася сумамі ад 1 да 4 тысяч у першай лізе і да 18 тысяч у найвышэйшай лізе альбо ў Кубку Беларусі. Злачынны даход ад такіх ставак мог быць значна большым, меркавала сьледзтва. Паводле матэрыялаў справы, арганізатары беларускіх матчаў атрымлівалі да некалькіх тысяч даляраў за гульню, шараговым футбалістам плацілі па некалькі соцень даляраў. Часам дамовы зрываліся, сьведчылі футбалісты ў судзе.

«Хлопцы раптам маглі згуляць лепш, чым дамаўляліся. А гэта несправядліва: дамовіліся — значыць выконвай», — казаў на працэсе Вячаслаў Замара.

Як дамоўленыя сьледзва вызначыла матчы клюбаў «Баранавічы» — «Ашмяны» ў чэрвені 2016 году, «Прамень» — «Ашмяны» ў ліпені таго ж году ды некаторыя іншыя. Сярод дамоўленых, паводле сьледзтва, была і гульня ў Кубку Беларусі паміж барысаўскім БАТЭ і клюбам «Граніт» зь Мікашэвічаў, якая адбылася ў кастрычніку 2015 году.