17 кастрычніка ў Беларусь прыедзе эўракамісар Яганэс Ган, сустрэнецца з Лукашэнкам

Яганэс Ган

17 кастрычніка Беларусь з рабочым візытам мае наведаць камісар Эўразьвязу ў эўрапейскай палітыцы суседзтва і пашырэньні Яганэс Ган.

Як паведаміў 12 кастрычніка на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, эўракамісар сустрэнецца зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем. Бакі абмяркуюць пэрспэктывы ўзаемадзеяньня Беларусі з Эўразьвязам у розных сфэрах і падрыхтоўку да саміту «Ўсходняга партнэрства», які пройдзе 24 лістапада ў Брусэлі.

Таксама, паводле Дзьмітрыя Мірончыка, у эўракамісара Гана заплянаваны таксама шэраг іншых сустрэч. На ўдакладняльнае пытаньне журналістаў, ці ўваходзіць у гэты шэраг сустрэча з кіраўніком дзяржавы, Мірончык сказаў, што журналісты павінны ведаць, каму трэба задаваць такое пытаньне, мабыць, маючы на ўвазе, што гэта пытаньне да прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі.

«Камісар па Эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Яганэс Ган наведае Беларусь 17 кастрычніка ў рамках падрыхтоўкі да саміту „Ўсходняга партнэрства“, які адбудзецца 24 лістапада ў Брусэлі. Ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, каб абмеркаваць прыярытэты саміту „Ўсходняга партнэрства“ і пэрспэктывы разьвіцьця адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю. Камісар таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазыцыі, Беларускага Хэльсынскага камітэту і ўдзельнікамі праекту „МОСТ“»,— паведамілі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Менску.

17-га кастрычніка ў Менск таксама прыбывае амбасадар Міністэрства замежных спраў Францыі па правах чалавека Франсуа Крокет. У замежнапалітычным ведамстве сваёй краіны ён адказны за пытаньне правоў чалавека. Францускі дыплямат правядзе сустрэчы ў Нацыянальным сходзе Беларусі, Міністэрствах замежных спраў, культуры. Тэматыка іх — правы чалавека плюс вяртаньне культурных каштоўнасьцяў.

Два дні таму кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей заявіў журналістам у Сочы, што бліжэйшым часам у Менск прыедуць шэраг вядомых эўрапейскіх чыноўнікаў.

Раней стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка будзе запрошаны для ўдзелу ў саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі.

У Эўразьвязе паведамілі, што гатовыя вітаць беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку на саміце «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца ў лістападзе ў Брусэлі. Беларусь была запрошаная ўзяць удзел у саміце 24 лістапада ў Брусэлі «без абмежаваньняў» — гэтак жа, як і пяць іншых чальцоў «Усходняга партнэрства»: Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Саміт у Брусэлі будзе ўжо пяты па ліку. Першы прайшоў у Празе ў 2009 годзе, другі — у Варшаве ў 2011-м, трэці — у Вільні ў 2013-м, чацьвёрты — у Рызе ў 2015 годзе.