Аргкамітэт адзначэньня Дня памяці паўстанцаў 1863 году, які штогод праходзіць у Сьвіслачы і Якушоўцы, распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае грамадзянскую супольнасьць краіны на працягу кастрычніка і лістапада, калі беларусы адзначаюць Дзяды, прыходзіць да помніка Каліноўскага ў Сьвіслачы і да крыжа ў Якушоўцы, на магілы паўстанцаў ва ўсёй Беларусі і ўшаноўваць іх памяць.
Адзін зь сяброў аргкамітэту адзначэньня Дня памяці паўстанцаў 1863 году, Уладзімер Хільмановіч, патлумачыў Свабодзе прычыны зьмены фармату акцыі. Паводле яго, адна з прычынаў датычыць таго, што людзі стаміліся пад канвоем сьвяткаваць Дзень памяці нацыянальных герояў:
— Людзям абрыдла хадзіць пад прыцэлам міліцэйскіх камэраў, страчваецца сьвяточны настрой ад такога татальнага прэсінгу. Нас жа суправаджаюць і фільмуюць на працягу ўсяго працэсу. Потым складаюць пратаколы за тое, што мы ўшаноўваем памяць нацыянальных герояў, ускладаем кветкі і запальваем зьнічы. Судзяць, накладваюць непамерныя штрафы, якія ўжо проста немагчыма выплочваць. Чыста маральна ня хочацца аддаваць дзяржаве гэтыя грошы, каб яна выкарыстоўвала іх на чарговыя рэпрэсіі.
Хільмановіч адзначыў, што налета плянуецца масава адзначыць 155-я ўгодкі паўстаньня ў Сьвіслачы і Якушоўцы. Паводле яго, арганізатары хочуць прыцягнуць да сьвяткаваньняў улады, каб зрабіць гэта насамрэч масавым мерапрыемствам.
— І сёлета мы заклікаем людзей з усяе Беларусі прыяжджаць у Сьвіслач і Якушоўку, ускладаць кветкі да помнікаў нашых герояў. Мы думаем, што калі людзі будуць па некалькі чалавек прыходзіць да помнікаў Каліноўскага, Траўгута, наведаюць Якушоўку, то зьнічак і кветак на гэтых месцах будзе нават болей, чым звычайна, і штрафаваць за гэта ўлады ня змогуць. Мы таксама заклікаем усіх грамадзянаў Беларусі на працягу кастрычніка і лістапада, калі беларусы адзначаюць Дзяды, па ўсё краіне ўшаноўваць магілы паўстанцаў 1863 году.
Сьвіслацкі актывіст Юры Глебік, які штогод прымаў удзел у падрыхтоўцы сьвяточных мерапрыемстваў ушанаваньня паўстанцаў 1863 году, заўважыў Свабодзе, што за гэты час яны павінны падрыхтавацца да юбілейнай даты паўстаньня.
— Зьмена фармату не азначае, што сёлета ніхто не ўшануе памяці паўстанцаў. Месцы, зьвязаныя зь іх памяцьцю, даглядаюцца круглы год. Мы і сёлета, дзе трэба, касілі траву, наводзілі парадак — усе магілы нашых герояў дагледжаныя. Так будзе заўсёды. Але хочацца, каб на іх магілы прыходзіла болей людзей, каб уся Беларусь іх ушаноўвала. Будзем спрабаваць гэта рабіць.
Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ, амаль штогод наведваўся ў Сьвіслач і Якушоўку дзеля ўшанаваньня памяці паўстанцаў. Паводле яго, сьвіслацкія ўлады трымаліся ў дачыненьні людзей, якія прыяжджалі ўшаноўваць паўстанцаў, папросту непрыстойна.
— Людзей штрафавалі за тое, што яны шанавалі памяць нацыянальных герояў. Гэта недапушчальна, бо гэта нельга назваць мітынгам альбо нейкай пратэставай акцыяй. А за гэта потым даводзіцца плаціць проста шалёныя штрафы. Я летась таксама быў аштрафаваны, і гэта вельмі непрыемна, калі ты ўшаноўваеш памяць нацыянальных герояў, а цябе за гэта штрафуюць. Таму я разумею арганізатараў гэтай акцыі, чаму яны спрабуюць мяняць фармат.
Летась за ўшанаваньне паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы і Якушоўцы былі аштрафаваныя 15 чалавек.
У заяве, якую распаўсюдзілі сябры аргкамітэту адзначэньня Дня памяці паўстанцаў 1863 году, таксама паведамляецца, што ў 2018 годзе, калі будуць адзначацца 155-я ўгодкі вызвольнага паўстаньня, ёсьць намер вярнуцца да звыклага масавага і ўрачыстага фармату правядзеньня ў Сьвіслачы Дня памяці паўстанцаў 1863 году.