Акцыя ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы скасаваная. Арганізатары мяняюць фармат праз рэпрэсіі

Архіўнае фота. Удзельнікі акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы, 30 кастрычніка 2016 году

Упершыню больш як за 20 гадоў у Сьвіслачы і Якушоўцы ўшаноўваць памяць паўстанцаў будуць не ў адзін дзень, а на працягу двух месяцаў, каб пазьбегнуць перасьледу з боку ўладаў.

Аргкамітэт адзначэньня Дня памяці паўстанцаў 1863 году, які штогод праходзіць у Сьвіслачы і Якушоўцы, распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае грамадзянскую супольнасьць краіны на працягу кастрычніка і лістапада, калі беларусы адзначаюць Дзяды, прыходзіць да помніка Каліноўскага ў Сьвіслачы і да крыжа ў Якушоўцы, на магілы паўстанцаў ва ўсёй Беларусі і ўшаноўваць іх памяць.

— Паколькі сёлетні фэст ня будзе праходзіць у звыклым фармаце ў Сьвіслачы і Якушоўцы, — гаворыцца ў звароце, — грамадзкім актывістам з розных раёнаў Гарадзеншчыны і ўсёй Беларусі прапаноўваецца сёлета цягам кастрычніка-лістапада ў розныя дні прыяжджаць у Сьвіслач і Якушоўку, ускладаць кветкі да помнікаў, ставіць зьнічкі, ушаноўваць памяць нацыянальных герояў і патрыётаў адраджэньня ўсімі легальнымі спосабамі.

Аргкамітэт заклікае таксама ў гэты пэрыяд наведваць і ўшаноўваць іншыя гістарычныя мясьціны і помнікі, зьвязаныя з памяцьцю герояў паўстаньня 1863 году.

У заяве таксама паведамляецца, што ў 2018 годзе, калі будуць адзначацца 155-я ўгодкі з часу вызвольнага паўстаньня, ёсьць намер вярнуцца да звыклага масавага і ўрачыстага фармату правядзеньня ў Сьвіслачы Дня памяці паўстанцаў 1863 году.