Прэмʼер Гішпаніі прыгразіў увесьці ў Каталёніі прамое кіраваньне з Мадрыду

Марыяна Рахой

Як перадае з Мадрыду карэспандэнт Радыё Свабода, прэмʼер Гішпаніі Марыяна Рахой па выніках пасяджэньня ўраду ў аўторак прыгразіў увесьці ў дзеяньне артыкул 155 Канстытуцыі краіны. Ён азначае спыненьне аўтаноміі Каталёніі і перавод усіх мясцовых органаў кіраваньня ў прамое падпарадкаваньне цэнтру. Артыкул таксама азначае, што будзе распушчаны каталёнскі парлямэнт, дзе ў прыхільнікаў аддзяленьня Каталёніі ад Гішпаніі цяпер большасьць, і што ў рэгіёне будуць прызначаныя пазачарговыя выбары.

Рахой задаў наўпроставае пытаньне каталёнскім уладам: Ці абвяшчаюць яны афіцыйна незалежнасьць ці не? Паводле яго, ён хоча дамагчыся ад іх «пэўнасьці і яснасьці» для ўсіх гішпанцаў і каталёнцаў. «Спадар Пудждэмон павінен адказаць на гэтае пытаньне, а я буду працягваць дзейнічаць з асьцярожнасьцю і спакоем», — заявіў Рахой.

Лідэр Каталёніі Карлэс Пудждэмон і іншыя дэпутаты каталёнскага парлямэнту падпісалі позна ўвечары 10 кастрычніка дэклярацыю аб абвяшчэньні незалежнасьці Каталёніі ад астатняй Гішпаніі. Пры гэтым ажыцьцяўленьне дэклярацыі вырашылі адкласьці да перамоваў з Мадрыдам.