У Гомелі затрымалі 53-гадовага пэдагога, і яго абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару ў адносінах да малалетняй. Сам факт, што чарговы раз дарослага мужчыну, які працуе зь дзецьмі, падазраюць у пэдафіліі, мяне ўжо ня надта зьдзіўляе. Ды і збольшага зразумела, што з ім рабіць: праводзіць расьсьледаваньне і, калі факты пацьвердзяцца, судзіць і пазбаўляць волі на гады.
Можа яшчэ высьветліцца, што чалавек невінаваты. Але я ніяк не магу звыкнуцца да таго, як на такія навіны рэагуюць знаёмыя падазраваных.
Вось некалькі цытат з артыкулу на tut.by:
«Ды я яшчэ сам маленькі быў, калі ён тут працаваў, у мяне і дачка хадзіла ў гэты гурток гэты, і малодшы сын цяпер ходзіць. Ніякіх праблем не было. Думаю, што хтосьці яго падставіў.»
«Ды нармальны Сярога быў мужык! Ён мне тэлевізар некалькі разоў прыходзіў рамантаваць. У тэхніцы штосьці разумеў. Ды ня мог ён.»
Як стварыўся лягічны ланцужок «разьбіраецца ў тэхніцы — значыцца, ня можа быць пэдафілам»?
Чаму ўзьнікаюць такія рэакцыі? Чаму бацька дзяцей, якія таксама былі пад пагрозай і, магчыма, нават сталі ахвярамі злачынства, мяркуе, што настаўніка агаварылі? Як стварыўся лягічны ланцужок «разьбіраецца ў тэхніцы — значыцца, ня можа быць пэдафілам»?
Я мяркую, што вялізную ролю тут грае міт пра Страшнага Монстра. Прынята казаць, што той, хто гвалціць дзяцей — «не чалавек», «зьвер», «пачвара». Гэта адносна пасьпяховая тактыка самасупакаеньня, якае стварае ілюзію кантролю, але яна надзвычай небясьпечная.
Як гэта працуе? Мы дэгуманізуем злачынцу і выбудоўваем ягоны яскравы вобраз, каб упэўніць сябе, што можам лёгка і беспамылкова пазнаць яго ў натоўпе. Гвалтаўнік мусіць быць «страшным», «дзіўным», «падазроным» — ён нібыта абавязаны выдаваць сябе. І атрымліваецца, што пры жаданьні злачынцу нібыта можна хутка распазнаць і імгненна ад яго ізалявацца. А хто не распазнаў — той сам і вінаваты.
Толькі ўсё ня так.
Чалавек, які лазіць дзецям у майткі, можа быць альказалежным беспрацоўным, а можа — кандыдатам мэдычных навук.
Не існуе усярэдненага партрэту пэдафіла. Чалавек, які лазіць дзецям у майткі, можа быць альказалежным беспрацоўным, а можа — кандыдатам мэдычных навук. Ён можа быць добра сацыялізаваным і нават душой кампаніі, а можа быць нелюдзімым інтравэртам, які кантактуе ўжывую хіба што з кур’ерамі даставак ежы. Гэта можа быць міліцыянт, дворнік, унівэрсытэцкі прафэсар, сантэхнік, мілы сусед, які заўжды з вамі вітаецца, сябар дзяцінства, ваш бацька.
Яны ня страшныя монстры, у якіх на ілбах напісана «не падыходзь — згвалтую». Яны могуць баяцца павукоў і вырошчваць агарод на падваконьні. І гэта ўсё ніяк не замінае ім быць злачынцамі.
Мужчына, які лазіў да мяне ў майткі тры гады запар, калі я была дзіцём, быў для навакольных мілым і ветлівым творчым чалавекам.
Мужчына, які лазіў да мяне ў майткі тры гады запар, калі я была дзіцём, быў для навакольных мілым і ветлівым творчым чалавекам, які цікавіцца ўсходнімі рэлігіямі, адмаўляецца есьці мяса, любіць маляваць і сочыць за сваёй фізычнай формай. Але калі ён жыў разам з намі, і маці па раніцах сыходзіла на працу, у мяне было менш за хвіліну часу, каб устаць і пайсьці закрыцца ў лазенцы, пакуль ён не пасьпеў прыйсьці да мяне ў ложак.
Сёньня, 11 кастрычніка, адзначаецца міжнародны дзень дзяўчатак, і я вельмі прашу вас: давярайце сваім дзецям. Калі стаіць выбар, каму паверыць — школьнаму настаўніку ці дачцэ, якая расказвае, як гэты настаўнік кранаў яе, заўжды абірайце дачку. І ня мае значэньня, наколькі мілым ён падаўся вам на бацькоўскім сходзе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.