Чарнігаўская абласная пракуратура падоўжыла тэрмін дасудовага расьсьледаваньня гэтай справы да 30 лістапада, а суд — трыманьне грамадзяніна Беларусі пад вартаю да 25 лістапада.
Як адзначаецца ў судовым рашэньні, цяпер беларускі «шпіён» будзе ўтрымлівацца ў сьледчым ізалятары Чарнігава. Адразу пасьля затрыманьня ён быў перавезены ў Кіеў, у сьледчы ізалятар Службы бясьпекі Ўкраіны.
Паводле судовага рашэньня, сьледзтва чакае вынікаў прызначаных судовых экспэртыз наконт наяўнасьці зьвестак, што складаюць дзяржаўную таямніцу, а таксама матэрыялы ад «кампэтэнтных органаў Беларусі», да якіх зьвярнуліся па міжнародную прававую дапамогу.
На гэты момант ані падазраваны, ані ягоны адвакат ня маюць магчымасьці азнаёміцца з усімі матэрыяламі гэтай справы. Яны будуць адкрытыя для іх толькі пасьля завяршэньня дасудовага расьсьледаваньня і выстаўленьня канкрэтных абвінавачаньняў у шпіёнстве.
Грамадзяніну Беларусі інкрымінуюць артыкул 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны пра шпіянаж. Гэтае злачынства кваліфікуецца як асабліва цяжкае, за якое прадугледжваецца безальтэрнатыўнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. У той жа час падазраваны можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасьці ў выпадку, калі добраахвотна паведаміць органам дзяржаўнай улады пра свае дзеяньні і такім чынам папярэдзіць нанясеньне шкоды інтарэсам Украіны. На паседжаньні суду грамадзянін Беларусі адмаўляў сваю датычнасьць да гэтага злачынства.