У лісьце міністэрства тлумачыць, што ад самага пачатку вельмі пазытыўна паставілася да ідэі паставіць ў Залятурне (Швайцарыя) супольны помнік Тадэвушу Касьцюшку як герою Польшчы, Беларусі, Літвы і многіх народаў.
Помнік Касьцюшку, паводле МЗС, быў вялікім шанцам на супольную польска-беларускую ініцыятыву.
Паводле замежнапалітычнага ведамства Польшчы, амбасада ў Бэрне вяла перамовы зь ініцыятарамі праекту — Таварыствам беларусаў Швайцарыі.
«Прапанова польскага боку — разьмясьціць на помніку толькі шыльду з імем і прозьвішчам Тадэвуша Касьцюшкі. Прапановаю беларускага боку была шыльда „Тадэвуш Касьцюшка — сын Беларусі“. Гэтая шыльда ня ўзгадвала пра якія-небудзь сувязі Касьцюшкі з Польшчай, для польскага боку гэта было непрымальна» — гаворыцца ў адказе МЗС.
Амбасада Польшчы ў Бэрне паведаміла, што прапаноўвала супольнае адкрыцьцё помніка дыпляматамі Польшчы, Беларусі і Літвы. «Беларускі бок нечакана выйшаў зь перамоваў без паведамленьня прычынаў, а пасольству Польшчы ў Бэрне паведамілі, што беларускі бок самастойна правядзе ўрачыстасьць, што нас засмучае», — напісана ў лісьце МЗС Польшчы.
21 кастрычніка ў горадзе Залятурн у Швайцарыі мае адбыцца адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку. Ініцыятва ўшанаваньня героя Беларусі, Польшчы і ЗША належыць швайцарскім беларусам.
Напярэдадні адкрыцьця стала вядома, што польскія дыпляматы дамагліся ад уладаў гораду, каб тыя прыбралі з помніка згадкі пра Беларусь.