Кніга называецца «Беларус у Беларусі. Эпісталярыі пра мову і маральнасьць». У Беларусі кнігу Булавацкаму надрукаваць не ўдалося. За працу ўзялося выдавецтва са Смаленску, а пабачыла сьвет выданьне ў Львове.
Перапіска з чыноўнікамі як гістарычная сутнасьць эпохі
«Кніга „Беларус у Беларусі“ найперш пра мову і пра тое, наколькі „камфортна“ нам, беларусам, жывецца на сваёй роднай зямлі, — кажа Свабодзе Міхась Булавацкі. — Кніга паказвае, што можна і трэба рабіць, калі мы, беларусы, хочам жыць са сваёю моваю, традыцыямі, песьнямі ды наагул трымацца сваіх правілаў».
«Кніга не пісалася ўласна як кніга, — працягвае аўтар. — Гэта зборнік ліставаньня беларуса з рознымі інстанцыямі, якія паводле свайго статусу беларускія, але паводле сваёй дзейнасьці — антыбеларускія».
У прадмове да кнігі Міхась Булавацкі тлумачыць, чаму вырашыў яе выдаць у жанры эпісталярыя.
«З гэтых лістоў выразна праглядае гістарычная сутнасьць эпохі пачатку беларускай незалежнасьці, таму і вырашыў — ліставаньне вартае абнародаваньня. Усё ж беларусы павінны ведаць як сваіх герояў, так і антыгерояў».
У беларускамоўных ёсьць правы
За многія гады, кажа Булавацкі, укаранілася думка, што беларускамоўныя абавязаныя ведаць расейскую мову, а службоўцам зусім не абавязкова валодаць беларускай. Чыноўнікі, заўважае суразмоўца, заўсёды кажуць, што маюць права выбару мовы, але гэтае права яны адбіраюць у іншых, істотна абмяжоўваючы іх беларускамоўнае існаваньне і парушаючы нормы, гарантаваныя Канстытуцыяй.
Міхась Булавацкі ілюструе сваю пазыцыю перапіскай зь «Белінвэстбанкам», які адмаўляўся адпісваць яму на мове звароту.
«Згодна з артыкулам 8 Рэспублікі Беларусь „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь“ мовамі справаводзтва і дакумэнтацыі, а таксама мовамі ўзаемадачыненьняў дзяржаўных органаў і другіх арганізацыяў зьяўляецца беларуская і (або) расейская мовы», — даводзіў на расейскай мове прадстаўнік банку Булавацкаму.
Пасьля настойлівага патрабаваньня рупліўца беларушчыны і некалькіх лістоў з аргумэнтацыяй банк усё ж падкарэктаваў сваю пазыцыі і адказаў Булавацкаму ўжо па-беларуску:
«Лічым, што кожнаму грамадзяніну РБ неабходна валодаць дзьвюма мовамі ў ступені дастатковай, каб зразумець значэньне аформленых афіцыйных блянкаў ці вусныя адказы кампэтэнтных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацыяў».
У абалонцы пад назвай «беларус»
За доўгія гады перапіскі аўтар кнігі зрабіў выснову: службоўцы нават не задумваюцца пра тое, што часам іхныя ўчынкі антыбеларускія, як у выпадку з банкам.
«Службоўцы жывуць у абалонцы пад назвай „беларусы“, але яна беларускім зьместам не напоўненая, — тлумачыць суразмоўца. — Таму, каб чыноўнікі зразумелі, што іхныя паводзіны часам антыбеларускія, я і наважыўся выдаць такую кнігу. Няхай чытаюць і думаюць. Я яе абавязкова падару кіраўніцтву гораду і вобласьці. Я нічога не выдумляў у ёй. Усё гаворыць за мяне перапіска».
«Адзін мой знаёмы, — дадаў Булавацкі, — прачытаўшы за два дні кніжку, сказаў: «Калі б яна паступіла ў кнігарні, то гарвыканкам бы яе скупіў і зьнішчыў, бо яна люстра, у якім чыноўнікі глядзяць на саміх сябе».
Міністэрства адукацыі не прасіла даваць рэкамэндацыі
У кнізе найбольш лістоў ад Булавацкага чыноўнікам, якія адказваюць за адукацыйную галіну, і іхныя адказы. Чыноўнікі ад адукацыі, як паказвае перапіска, каб адпрэчыць ініцыятыву зьнізу, хаваюцца за інструкцыі, дырэктывы, пастановы. Асабліва гэта тычыцца прапановаў, якія маюць за мэту пашырыць ужытак беларускай мовы.
«На адной з канфэрэнцыяў, — казаў Булавацкі, — удзельніца прапанавала даваць на форзацах расейскамоўных падручнікаў па розных вучэбных прадметах пераклады на беларускую мову асноўных тэрмінаў, якія ўжываліся ў школьным матэрыяле».
«Вучні клясаў з расейскай мовай выкладаньня мелі б магчымасьць азнаёміцца зь беларускімі словамі, бо жывуць жа яны ў Беларусі, — даводзіў рацыю прапановы суразмоўца. — Міністэрства ініцыятыву не падтрымала. У сваім допісе было заяўлена: «На канфэрэнцыі не плянавалася выпрацоўваць рэкамэндацыі Міністэрству адукацыі аб выданьні тых ці іншых інструкцыяў ва ўжываньні і выкарыстаньні беларускай мовы ў адукацыйным працэсе агульнаадукацыйных устаноў з расейскай мовай навучаньня».
У яшчэ адным адказе пазыцыю Міністэрства адукацыі выказала яшчэ больш жорстка: «На форзацы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў выносіцца інфармацыя на той мове, на якой яны выдаюцца».
«Відаць, для міністэрства важней вызначаць, як падпісваць сшыткі ці ўказваць, як вучні маюць афармляць свае заданьні, — з сарказмам заўважае аўтар кнігі. — Відаць, больш істотна для міністэрства вызначаць, зь якой гадзіны пачынаць урокі школьнікам».
Беларуская мова вяртаецца ва ўжытак
І ўсё ж, лічыць Булавацкі, сытуацыя зь беларускай мовай за трыццаць гадоў зьмяецца да лепшага. Сорак-пяцьдзесят гадоў таму, заўважае суразмоўца, ён жыў у краіне, у якой беларуская мова не цанілася.
«Тады яе было болей у вёсках, а ў горадзе не пачуць. Тады вясковец, выбраўшыся ў горад, праз год стараўся гаварыць па-гарадзкому, а сваёй роднай мовы саромеўся. Цяпер жа беларускую мову пачуеш і ў горадзе. Я разумею, што гістарычныя працэсы так шпарка не праходзяць. Наша мова змагаецца за сябе цягам трохсот гадоў — з польскай, расейскай мовамі. Яна пераможа і вернецца ва ўжытак», — заяўляе Міхась Булавацкі.
Прэзэнтаваць сваю кнігу Міхась Булавацкі зьбіраецца 12 кастрычніка ў грамадзкім цэнтры «Кола».
З пакаленьня магілёўскіх адраджэнцаў
Свой 70-гадовы юбілей Міхась Булавацкі адзначае 11 кастрычніка. Ён з пакаленьня тых, хто закладаў у канцы 1980-х гадоў у Магілёве першыя адраджэнскія арганізацыі. Сярод іх была філія «Мартыралёгу Беларусі».
Ініцыятаркай стварэньня суполкі стала актывістка зь няўрымсьлівым характарам шукальніцы праўды і справядлівасьці Тамара Раманькова (яна памерла ў сваёй кватэры ў самоце), згадаў, гаворачы пра сваю кнігу, яе аўтар.
«Я і Анатоль Фёдараў (доўгі час кіраваў абласной арганізацыяй БНФ „Адраджэньне“ і партыяй БНФ.— РС) дэлегавалі Раманькову ў Менск на ўстаноўчы сход „Мартыралёгу Беларусі“. А калі яна вярнулася, то ўтрох узяліся ствараць магілёўскую філію».
«Яе старшынём, — казаў далей Булавацкі, — стаў Валянцін Ермаловіч (брат гісторыка Міколы Ермаловіча. — РС). Ён праявіў вялікую сьмеласьць, што пагадзіўся заняць кіроўную пасаду ў суполцы. Яму тады толькі прысвоілі званьне „Заслужаны дзеяч культуры“, і мы меркавалі, што гэта яго ўратуе ад непрыемнасьцяў. Ермаловіч і нас прыкрыў сваім аўтарытэтам ад перасьледу ўлады».
Марыць пра кнігу аб магілёўскіх героях беларускага адраджэньня
«У «Бібліятэцы Свабоды» ёсьць кніга Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды» — пра людзей, якія прысьвяцілі сябе Беларусі. Дык варта было б падобную кнігу выдаць і пра магілёўскіх рупліўцаў, — кажа Булавацкі. — Аднак хто гэта зробіць? Баюся, што мяне на гэта ня хопіць. А калі нехта знойдзецца, то, калі буду жывы, дапамагу, чым змагу.
Нечаканае настаўніцтва
За плячыма ў Міхася Булавацкага тры дзясяткі гадоў настаўніцтва ў школах і выкладаньня ў Магілёўскім пэдагагічным інстытуце імя Куляшова. Настаўнікам, кажа ён, стаў нечакана.
«Я паступаў у пэдагагічны інстытут толькі таму, што туды зьбіралася паступаць мая каханая дзяўчына. Яна ў апошні момант перадумала. Ня ўбачыўшы яе ў сьпісах абітурыентаў, я разгубіўся і хацеў сыходзіць, але мяне пераканалі застацца».
Паводле Міхася Пятровіча, пераканаў застацца ў настаўніцтве яго дзядзька, які прайшоў праз ГУЛАГ. Ён і наказаў пляменьніку, што, адвучыўшыся, ён мае адпрацаваць тры гады па разьмеркаваньні так, каб не было за гэтыя гады сорамна.
Вывучаў досьвед пасьпяховых калегаў і стаў «парушальнікам спакою»
«Паколькі я лічыў, што мая адукацыя недастатковая, то пачаў езьдзіць па Савецкім Саюзе, шукаючы выдатных настаўнікаў, вывучаць іхны досьвед, перапісвацца зь імі. Такім чынам падвышаў сваю адукацыю», — прыгадаў Міхась Пятровіч.
«Да стварэньня «Мартыралёгу Беларусі» і Беларускага народнага фронту я пасьпеў пазнаёміўся з выдатнымі пэдагогамі, якія змагаліся за свае ідэі, — працягваў юбіляр. — Я ім дапамагаў. Асабліва ўключыўся ў барацьбу за сыстэму Віктара Шаталава (пэдагог-наватар распрацаваў дыдактычную сыстэму хуткаснага і трывалага навучаньня ўсіх дзяцей матэматыцы, фізыцы, хіміі, астраноміі і іншым школьным прадметам. — РС). У 1985 годзе маскоўская газэта «Известия» напісала пра мяне артыкул. Карэспандэнтка тры дні круцілася ў Магілёве і назвала артыкул пра мяне «Возмутитель спокойствия».
Зь 50 гадоў беспрацоўны
«Мае здольнасьці і веды дзяржаве, як высьветлілася, былі не патрэбныя. Напрацаванага стажу хапіла, каб зарабіць пэнсію, — са скрухай адзначаў Міхась Пятровіч і тут жа дадаў: — Зь пяцідзесяці гадоў зарабляю, седзячы ў сваім пакоі. Рэпэтытарствую. Мяне вучні шукаюць, а ня я іх. У нармальнай дзяржаве такія настаўнікі, як я, былі б запатрабаванымі, а нашай чамусьці я аказаўся непатрэбным. У кнізе гэта выразна паказана».
Беларускае пяціборства
«Калі я пачынаў гэтую справу, то не разумеў унутраных магчымасьцяў ідэі», — прызнаўся Міхась Булавацкі.
«Гэтае інтэлектуальнае спаборніцтва, на якім школьнік павінен даваць адказы на беларускай мове, паказвае сапраўдны ўзровень валоданьня ім мовай. На „пяціборстве“ выдатнікі, удзельнікі школьных алімпіядаў пераконваюцца, што, нягледзячы на „васьмёркі-дзявяткі“ па мове ў школе, яны яе ня ведаюць. Для некаторых вучняў гэты сыгнал трывогі спрацоўвае, і яны прыкладаюць намаганьні, каб авалодаць моваю».
Па жыцьці «лузэр»
«На першы погляд, я абсалютны лузэр, — вывеў нечаканую выснову Міхась Булавацкі і тут жа патлумачыў, што мае на ўвазе:
«Ні сям’і не стварыў, дзяцей няма, ні ашчаджэньняў, машыны, нават жытла свайго ня маю».
«Але мне цікава аглядацца на сваё жыцьцё, — прадоўжыў Міхась Пятровіч. — Мне даводзілася быць у вірах розных падзеяў, прычым даволі значных, сярод маіх знаёмых і нават сяброў шмат выдатных і прыкметных асобаў. Я не шкадую, што маё жыцьцё склалася такім, як ёсьць. У варыянце больш прывабна жыцьцёвым і матэрыяльным гэтага ўсяго я мог бы і не атрымаць. Таму мне шкадаваць няма пра што і я задаволены сваім жыцьцём».