Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску ў адказ на пытаньне парталу TUT. BY пацьвердзіла інфармацыю, якую першай абнародавала ўчора Радыё Свабода. Брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк, спасылаючыся на свае крыніцы ў Эўразьвязе, распавёў, што Беларусь была запрошаная прыняць удзел у саміце «Усходняга партнэрства» 24 лістапада ў Брусэлі «без абмежаваньняў» — гэтак жа, як і пяць іншых чальцоў Партнэрства: Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна.
Сёньня ў інтэрвію TUT. BY у прадстаўніцтве ЭЗ заявілі наступнае: «Беларусь запрошаная да ўдзелу ў саміце „Усходняга партнэрства“ у Брусэлі такім жа чынам, як і іншыя краіны — удзельніцы ініцыятывы "Усходняе партнэрства" і краіны Эўрапейскага Зьвязу — запрашэньне адрасаванае кіраўніку дзяржавы. Рашэньне аб тым, хто прадставіць Беларусь на саміце, застаецца за афіцыйным Менскам».
Сёньня ж міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей заявіў, што рашэньне пра ўзровень удзелу ў саміце «Ўсходняга партнэрства» будзе прынятае «у свой час». «Натуральна, мы будзем аналізаваць усе акалічнасьці. Бліжэйшым часам да нас плянуюцца візыты высокапастаўленых дзеячаў Эўрапейскага Зьвязу», — сказаў Макей у Сочы, дзе праходзіць пасяджэньне міністраў замежных справаў краінаў СНД.